Дональд Трамп перамог на выбарах прэзідэнта ЗША
Афіцыйна пацверджана, што прэзідэнтам ЗША стане Дональд Трамп.
Рэспубліканец Дональд Трамп становіцца 45-ым прэзідэнтам ЗША, ужо вядома, што ён набраў 288 галасоў выбарцаў супраць 215 у Хілары Клінтан.
Абраны прэзідэнтам ЗША Дональд Трамп выступіў перад выбаршчыкамі ў сваім штабе.
Ягоная прамова пачалася пасля таго, як стала ясна, што ён перамагае, а ягоны апанент Хілары Клінтан патэлефанавала яму і прызнала яго перамогу.
«Мы былі падзеленыя. Але цяпер прыйшоў час, каб мы ўсе аб’ядналіся. Я буду прэзідэнтам ўсіх амерыканцаў. І гэта вельмі важна для мяне», — сказаў ён.
«Тыя, хто не галасаваў за мяне — так, было некалькі такіх — я прашу вашай дапамогі, каб мы маглі аб’яднаць нашу вялікую краіну», — сказаў ён.
«Працуючы разам, мы адновім амерыканскую мару», — звярнуўся Трамп да тых, хто не галасаваў за яго.
Канкрэтных заяў па знешняй палітыцы ЗША ў прамове Трампа не было. Аднак ён сказаў, што ЗША будзе ўтрымліваць добрыя адносіны з тымі, хто гэтага хоча.
«Мы спадзяемся мець добрыя адносіны з іншымі нацыямі, якія хочуць з намі быць у добрых адносінах», — адзначыў ён.
«Мы будзем шукаць агульныя падыходы, а не варожасць, партнёрства, а не канфлікт», — дадаў ён.
Трамп таксама падзякаваў сваім бацькам, жонцы, дзецям і іншым, хто дапамагаў яму ў кампаніі.
Інаўгурацыя новага прэзідэнта адбудзецца 20 студзеня. Да гэтага будзе пераходнай перыяд.
***
Спікер Палаты прадстаўнікоў амерыканскага кангрэсу Пол Раян павіншаваў Дональда Трампа з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах.
***
Дональд Трамп атрымаў у выніку тры галасы ад выбарцаў з штату Аляска. Калі пацвердзяцца вынікі ў Пенсільваніі, дзе ажно 20 галасоў, то Трамп набярэ патрэбныя 270 галасоў. Паводле некаторых звестак у Трампа ўжо 277 галасоў.
***
На 9.50 беларускага часу ведама, што Дональд Трамп перамог у штаце Юта і забраў яшчэ 6 галасоў выбарцаў. Клінтан пакуль перамагае ў трох штатах з 8-мі, якія засталіся – Мінесоце, Мэне і Нью-Гэмпшыры. Трамп наперадзе ў штаце Аляска. Падлічана, што ў 6 штатах, дзе ў 2012-ым перамог Абама, на гэты раз выйграў Трамп. У Пенсільваніі апрацавана 98% бюлетэняў, перамагае Трамп, а гэта значыць, што ён забірае 20 галасоў і, праўдападобна, набірае неабходныя 270 галасоў.
***
На 9.00 беларускага часу Дональд Трамп набірае 48,3 % галасоў, у Хілары Клінтан – 47,1%. Розніца складае каля 1,3 мільёна галасоў. Няма пакуль вынікаў яшчэ па 9 штатах, аднак ведама, што ў 6 з іх перамагае Трамп. Шанцы на агульную перамогу Клінтан ацэньваюцца ў 5%.
Абедзве палаты Кангрэсу хутчэй усяго застануцца пад кантролем рэспубліканцаў. У Сенат у тым ліку пераабраўся рэспубліканец Джон Маккейн, ён перамог на выбарах у штаце Арызона. Склад Кангрэсу істотна абновіцца. Сёлета на коне ўсе 435 месцаў у палаце прадстаўнікоў і траціна ў Сенаце.
***
Паводле розных звестак Дональд Трамп атрымлівае ад 238 да 254 галасоў выбарцаў. У Хілары Клінтан ад 209 да 215 галасоў. Для перамогі патрэбна мінімум 270. Трамп абыйшоў Клінтан у некалькіх ключавых штатах, уключаючы Флорыду і Агаё. Клінтан перамагла ў штаце Невада, паведамляе Associated Press. BBS піша, што Трамп ужо можа разлічваць на 244 галасы. Прамежкавыя агульныя дадзеныя па краіне: 48,2% – за Трампа, 47, 2 – за Клінтан. Розніца – крыху больш 1 мільёна галасоў.
***
Трамп перамагае ў штаце Аёва, паведамляе CNN. Гэты штат даў Трампу яшчэ 6 галасоў калегіі выбарцаў. Нават у Пенсільваніі Трамп вырваўся наперад. 95% – менавіта такая імавернасць перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах, паводле меркавання The New York Times. На 08.13 паводле беларускага часу не было вынікаў яшчэ ў 9 штатах, з якіх 7 ацэньваюцца як спрэчныя.
***
Дональд Трамп запісаў сабе ў актыў штат Джорджыя. На CNN таксама пацвердзілі перамогу Трампа ў Флорыдзе. Пакуль рэспубліканец наперадзе па колькасці атрыманых галасоў выбарцаў: 244 супраць 209. Па выніках падліку 69,5 % галасоў за Трампа прагаласавала 48,5 % выбарцаў, за Клінтан – 47%. Трамп перамагае і ў штаце Юта, паведамляе Associated Press.
***
Паводле дадзеных CNN Дональд Трамп ужо атрымаў галасы 232 выбарцаў, у Хілары Клінтан – 209. Агулам для перамогі патрэбна набраць падтрымку 270 выбарцаў. Тым часам сусветныя рынкі рэагуюць негатыўна. Курс даляра да песа падскочыў на 12% да гістарычнага максімуму. Азіяцкія ж біржы ў мінусе. Таннеюць і 10-гадовыя аблігацыі ЗША.
Рэспубліканцы перамаглі на выбарах губернатараў у штатах Індыяна, Паўночная Дакота і Юта. Дэмакраты перамаглі ў Дэлавэры і Заходняй Вірджыніі. Такія ацэнкі на падставе экзіт-полаў прыводзяць амерыканскія медыі.
***
The New York Times ацэньвае шанцы на перамогу кандыдата ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа як імаверныя на 77%. Верагоднасць таго, што выйграе кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан цягам некалькіх гадзін знізілася з больш чым 80% да 23%.
***
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп лідыруе ў большасці спрэчных штатаў – перамога ў іх у многім ёсць гарантыяй перамогі на выбарах.
Паводле прагнозаў CNN, Трамп здабудзе перамогу ў штаце Агаё, ён таксама наперадзе ў Флорыдзе, Паўночнай Караліне, Мічыгане і Нью-Гэмпшыры. Хілары Клінтан, як чакаецца, пераможа ў Вірджыніі і Пенсільваніі.
Пакуль Дональд Трамп наперадзе па колькасці атрыманых галасоў выбарцаў: 167 супраць 109.
Беларускае Радыё Рацыя