Дональд Трамп прапанаваў выйсце з урадавага крызісу



Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваім суботнім тэлезвароце прапанаваў дэмакратам кампраміснае рашэнне міграцыйных пытанняў для магчымага выхаду з урадавага крызісу, які працягваецца ў ЗША з 22 снежня.

Ён абяцае аказаць падтрымку дзецям нелегальных мігрантаў у абмен на фінансаванне будаўніцтва сцяны на мяжы, паведамляе “Голас Амерыкі”.

Трамп заявіў, што іміграцыйная сістэма краіны не працуе ўжо дзесяцігоддзі. Гэта прыводзіць да гуманітарнага крызісу на мяжы з Мексікай. Адсутнасць бяспекі межаў, па словах кіраўніка Белага дома, спрыяе кантрабандзе, наркатрафіку, росту злачыннасці.

Прэзідэнт сказаў, што будаўніцтва сцяны або сталёвага бар’еру на мяжы дазволіць значна знізіць ровень злачыннасці і колькасць фактаў нелегальнага перасячэння мяжы.

Трамп адзначыў, што ён вітае мігрантаў і новых грамадзян Злучаных Штатаў, але выступае за легальную міграцыю.