Дональд Трамп ушанаваў памяць ахвяраў камунізму
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ушанаваў памяць ахвяраў камуністычных рэжымаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Белага дому 7 лістапада.
„У гэты Нацыянальны дзень памяці ахвяраў камунізму мы ўспамінаем больш 100 мільёнаў чалавек, якія загінулі ў выніку камуністычнага гнёту. Сёння мы пацвярджаем наша абавязальніцтва дапамагаць забяспечваць усім людзям мірную і квітнеючую будучыню, заснаваную на галоўных прынцыпах дэмакратыі – свабодзе, справядлівасці і глыбокай павазе да каштоўнасці жыцця кожнага чалавека”, – гаворыцца ў заяве.
Трамп нагадаў, што сёлета Нацыянальны дзень памяці ахвяраў камунізму супаў з 30-годдзем падзення Берлінскай сцяны.
„9 лістапада 1989 года адважныя мужчыны і жанчыны пераўтварылі магутныя словы прэзідэнта Рональда Рэйгана ў знамянальныя дзеянні, знішчыўшы гэты сімвал таталітараызму і накіраваўшы пасланне ўсяму свету, што дэмакратыя і вяршэнства права заўсёды здабудуць перамогу над прыгнётам і тыраніяй. Адзначаючы гэтую веху ў галіне правоў чалавека, мы будзем і надалей працаваць з нашымі саюзнікамі і партнёрамі, каб полымя свабоды працягвала гарэць як маяк надзеі і магчымасцяў ва ўсім свеце”, – падкрэсліў амерыканскі прэзідэнт.
З 2017 года ў ЗША адзначаюць Нацыянальны дзень памяці ахвяраў камуністычнага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя