Дональд Трамп выступіў з пасланнем у Кангрэсе ЗША
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў з чарговым штогадовым зваротам да нацыі ў Кангрэсе дзяржавы. У звароце „Аб становішчы спраў у краіне” ён падрабязна пералічыў эканамічныя дасягненні сваёй адміністрацыі. Пра галасаванне па пытанні імпічменту, якое пройдзе ў Сенаце 5 лютага, ён не стаў згадваць увогуле.
Перад пачаткам выступу перад абедзвюмя палатамі Кангрэсу насуперак традыці спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі не прадставіла, як належыць, кіраўніка дзяржавы словамі „Для нас высокі гонар вітаць прэзідэнта Злучаных Штатаў…”. Замест гэтага лідар дэмакратаў каротка сказала: „Прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп”, усё ж працягнуўшы руку галаве Белага дому для вітання. Трамп руку спікера праігнарваў і, адвярнуўшыся ад Пэласі, вітаў рэспубліканцаў у Кангрэсе, якія займалі левую ад трыбуны палову залы.
Дональд Трамп у сваім пасланні казаў пераважна пра эканамічныя дасягненні сваёй адміністрацыі, прыводзячы канкрэтныя лічбы і факты. Ён заявіў, што палітыка папярэдняга прэзідэнта Барака Абамы прывяла да росту беспрацоўя і злачыннасці ў краіне, дазволіла „бескантрольную нелегальную іміграцыю” і змусіла амерыканскі бізнес пераводзіць вытворчасць у іншыя краіны свету. „Зараз жа мы ідзем наперад з хуткасцю, якую яшчэ нядаўна немагчыма было ўявіць і мы ніколі не павернем назад” – заявіў Трамп.
Бальшыня амерыканскіх выбарцаў прызнае, што за час прэзідэнцтва Дональда Трампа эканоміка ЗША дасягнула прыкметных поспехаў. Менавіта гэтая тэма і стала цэнтральнай у штогадовым пасланні. Трамп расказаў, што высілкамі яго адміністрацыі ў краіне было створана 7 мільёнаў новых працоўных месцаў, ровень беспрацоўя з’яўляецца „сама нізкім, чым пры кожнай іншай адміністрацыі ў гісторыі краіны”, а паказальнікі фондавага рынку выраслі больш чым на 70%.
„Пасля таго як пры дзвюх папярэдніх адміністрацыях Амерыка згубіла 60 тысяч заводаў і фабрык, пры маёй адміністрацыі Амерыка адкрыла 12 тысяч новых прадпрыемстваў, а яшчэ тысячы і тысячы вытворчасцяў ужо будуюцца альбо плануюцца”, – падкрэсліў прэзідэнт ЗША.
Кожную з заяваў Трампа рэспубліканцы ў залі паседжання віталі працяглымі апладысментамі. Дэмакраты ў гэты час працягвалі моўчкі сядзець на месцах.
Трамп згадаў таксама пра змаганне з тэрарызмам, напомніўшы, што менавіта ў час яго прэзідэнцтва былі знішчаны лідар „Ісламскай дзяржавы” Абу Бакр аль-Багдадзі і іранскі генерал, арганізатар тэрарызму Касем Сулеймані.
Кіраўнік Белага дому паабяцаў скончыць вайну ў Афганістане, вярнуўшы амерыканскіх салдат дахаты, заявіў, што ў выніку „гандлёвай вайны” з Пекінам, якая зацягнулася, усё ж змусіў кітайскае кіраўніцтва пачаць абмеркаванне новага эканамічнага пагаднення з ЗША, і заявіў пра падтрымку венесуэльскага народу, які змагаецца з „рэжымам сацыялістычнага дыктатара Мадуры”. На цырымонію выступу быў запрошаны як госць лідар венесуэльскай пазіцыі Хуан Гуайда, якога Трамп назваў „сапраўдным прэзідэнтам” Венесуэлы. У гэты момант Гуайда віталі і рэспубліканцы і дэмакраты.
Згадванне пра Венесуэлу стала для прэзідэнта ЗША і нагодай напомніць пра „радыкальных левакоў”, якія хочуць разбурыць амерыканскую сісітэму аховы здароўя. Відавочна, што Трамп меў на ўвазе сваіх апанентаў – палітыкаў-дэмакратаў, што вядуць прэзідэнцкую кампанію. У праграме амаль кожнага з іх ёсць пункт пра тое, каб зрабіць сістэму медыцынскага абслугоўвання ў ЗША іншай. ” Мы ніколі не дазволім, каб сацыялізм разбурыў амерыканскую ахову здароўя!” – заявіў Трамп.
На заканчэнне свайго выступу Дональд Трамп даў зразумець, што яго адміністрацыя яшчэ прапануе амерыканцам новыя ініцыятывы і новыя дасягненні. Рэспубліканцы пры тым скандавалі лозунг „Яшчэ чатыры гады!”, фактычна заклікаючы да пераабрання Трампа на другі тэрмін. А Нэнсі Пэласі дэманстратыўна падрала аркушы з тэкстам выступу прэзідэнта.
Беларускае Радыё Рацыя