Дональд Туск – пра мітынг Ціханоўскай у Менску: «Іх нельга пакідаць адных!»



Прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі, былы кіраўнік Еўрапейскага звязу і экс-прэм’ер Польшчы Дональд Туск адрэагаваў на самы масавы палітычны мітынг у Беларусі за апошнія дзесяць гадоў.

30 ліпеня кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская сабрала ў парку Дружбы народаў больш за 60 тысяч чалавек.

«Іх нельга пакідаць адных!», – напісаў уплывовы еўрапейскі палітык пад здымкам з мітынгу Ціханоўскай, дзе бачныя тысячы людзей. А тэлеканал Euronews у сюжэце пра менскі мітынг паведаміў, што на ім было да 65 тысяч чалавек. Быў паказаны эпізод з выступу Ціханоўскай. Яна гаварыла: «Божа мой, людзі, якая рэвалюцыя?! Мы хочам сумленных выбараў! Прычым тут рэвалюцыя?! Навошта вы [улады] правакуеце свой народ?! Нам баевікі абсалютна не патрэбны. Мы – мірныя людзі. І мы хочам мірных перамен у нашай краіне».

У сюжэце паведамляецца, што «Ціханоўская стала на месца мужа, апазіцыянера Ціханоўскага, адпраўленага пад арышт».

Еўрарадыё