Драма Пратасевіча як мадэль паводзінаў для іншых палітвязняў
Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч каментуе перавод Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі пад хатні арышт. На яго думку, гэта сведчыць пра тое, што ўлады працягваюць шматхадовую гульню, выкарыстоўваючы апазіцыйнага журналіста як важкую фігуру.
„Улады, пэўна, вырашылі, што калі ўжо затрыманне Рамана Пратасевіча абярнулася такімі маштабнымі ахвярамі, то трэба выкарыстаць палоннага напоўніцу. Тым больш што згода Рамана «супрацоўнічаць са следствам» адкрыла перад кіраўніцтвам дзяржавы пэўныя магчымасьці. Гульня адбываецца шматхадовая, арыентаваная на розных адрасатаў. Адначасова вырашаецца некалькі задач.
Найперш, вядома, гэта дыскрэдытацыя апазіцыі. «Выкрывальніцкія» заявы Пратасевіча павінны пацвердзіць увесь той негатыў у адрас палітычных апанентаў, які шырокай плынню льецца з тэлеканалаў БТ амаль цэлы год. Плюс дыскрэдытацыя краін Захаду (нібыта прыведзеныя Пратасевічам «доказы» кіравання пратэстамі заходніх спецслужбаў). Гэта ўсё праца на ўнутраную аўдыторыю.
Каб «прадаць» скандал з самалётам Расеі, улады Беларусі пачалі рабіць акцэнт на тым, што Раман нібыта ваяваў на Данбасе. Гэта прыцягнула актыўную ўвагу расейскіх медыя. У кантэксце вырашэння гэтай задачы з’явілася гульня (як высветлілася пазней, няўдалая) з самаабвешчанай ЛНР.
Перавод пад хатні арышт расейскай грамадзянкі Софʼі Сапегі, — гэта таксама жэст у бок Масквы, дэманстрацыя «гуманізму» беларускага рэжыму.
Праява «гуманізму» адрасаваная і заходняй аўдыторыі. Там шмат пісалі, што Пратасевіча катуюць. І на спачуванні да ахвяры дыктатарскага рэжыму (а ня толькі праз парушэньне бясьпекі авіяпалётаў) грунтавалася медыйная кампанія супраць рэжыму Лукашэнкі. З’яўленне Рамана на публіцы здаровым, бадзёрым і з усмешкай на твары мусіла абвергнуць усе гэтыя жарсці. У гэтым кантэксце варта разглядаць і перавод Рамана пад хатні арышт.
Таксама гэтым з’яўленнем Пратасевіча на публіцы афіцыйны Менск імкнуўся калі не прадухіліць, то змякчыць эканамічныя санкцыі. Маўляў, заходнія палітыкі ня маюць рацыі, яны робяць няправільныя высновы. Аднак тут атрымалася ня вельмі ўдала. Бо ніхто ня можа растлумачыць кіраўніцтву Беларусі, што для заходняй грамадзкасці такія прыёмы абсалютна непрымальныя. Прымушаць палітвязня казаць патрэбныя турэмнікам словы і выразы — гэта з пазіцыі еўрапейскіх каштоўнасцяў ёсць грубае парушэнне правоў чалавека, недапушчальны спосаб маральнага, псіхалягічнага ціску. Таму эфект ад з’яўлення Пратасевіча на прэсавай канферэнцыі 14 чэрвеня аказаўся адваротным.
Яшчэ адзін аспект гэтай чарговай беларускай драмы завязаны на псіхалогіі аднаго чалавека. Феномэн маральна зламанага ворага, які раскаяўся, шмат што тлумачыць у беларускай палітыцы. Цягам усяго прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі шматлікім палітвязням настойліва прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаваньні. Для кіраўніка дзяржавы гэта было прынцыпова важна. І цяпер «тэрарыст» аказаўся зусім ня страшным. Вораг, які плача перад тэлекамэрай, просіць літасці і ласкі ад «Аляксандра Рыгоравіча» — гэта той палітычны дывідэнд, які перакрывае ўсе негатыўныя наступствы скандалу з самалётам. Маральна зламаны праціўнік стаў бальзамам на траўмаваную душу, псіхалагічнай сатысфакцыяй за перажытыя дні стрэсу летам і восенню мінулага года.
Пасля гэтага можна праявіць і «гуманізм».
Сёння ў Беларусі звыш 500 палітзняволеных. Аднак «гуманізм» праяўлены толькі адносна Юрыя Васкрасенскага і Рамана Пратасевіча. (Соф’я Сапега ў гэтым шэрагу апынулася хутчэй за кампанію). Васкрасенскі і Пратасевіч ня проста пакаяліся публічна на камеру, але фактычна перайшлі на другі бок барыкад. Гэта мадэль паводзінаў для ўсіх палітвязняў, якія хочуць датэрмінова выйсці на свабоду”.