Другая акцыя „Сустрэча свабодных людзей” у Менску (абноўлена)
Увечары 16 лістапада, у апошні перадвыбарчы дзень, калі дазволена агітацыя, на плошчы Свабоды ў Менску адбылася другая сустрэча свабодных людзей. На ёй прысутнічалі каля ста чалавек. Сярод выступоўцаў былі старшыня Народнай грамады Мікола Статкевіч, адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што ніколькі не сумняецца, што 17 лістапада, у дзень выбараў, участкі для галасавання будуць амаль пустымі. Гэта пацвярджае, што выбараў у Беларусі няма ўжо 25 год і народ гэта разумее
– Людзі не будуць удзельнічаць у спектаклі. Каго загналі, дзе бюлетэні закінулі ў скрыню. І ў панядзелак ужо абвесцяць спіс, які ўжо гуляе па навінных сайтах. Вось гэтыя людзі будуць у так званай палаце прадстаўнікоў. А насамрэч Лукашэнка спрабуе загнаць Беларусь нават не ва ўчарашні, а ў пазаўчарашні, бо ў беларусаў вольныя выбары былі 1000 гадоў, з часоў Полацкага веча, у часы Вялікага княства Літоўскага. Магдэбургскае права беларусы заўсёды выбіралі.Тое, што зараз адбываецца, гэта ганьбішча ў самым цэнтры Еўропы. Пытанне да еўрапейцаў: як яны могуць працягваць руку не абранаму чалавеку, не абраным чыноўнікам, прызначаным у палату прадстаўнікоў?
Павел Севярынец упэўнены, што рана ці позна грамадзяне Беларусі зададуць гэтае пытанне Аляксандру Лукашэнку і ягоным чыноўнікам.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Сустрэча аб’яўленая кампаніяй „Еўрапейская Беларусь”. Першая такая акцыя адбылася напярэдадні ў межах перадвыбарнага агітацыйнага пікета кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сустаршыні руху салідарнасці „Разам” Алены Талстой, якая вылучаецца ў парламент ад Партыі БНФ.
На плошчу прыйшлі вядомыя апазіцыйныя палітыкі Вячаслаў Сіўчык, Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і іншыя. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным паспрабавалі не прапусціць да прысутных Мікалая Статкевіча, які нёс гукаўзмацняльную апаратуру. Умяшанне журналістаў і іншых удзельнікаў акцыі дазволіла Статкевічу прайсці на плошчу.
Каардынатар кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель заявіў, што мэта сённяшняй сустрэчы, як і папярэдняй, — „падзяліцца праблемамі і абмеркаваць шляхі іх вырашэння”.
Людзі ідуць калонай, з бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі з гербам „Пагоня” і сцягамі кампаніі „Еўрапейская Беларусь”. Яны таксама скандуюць лозунгі „Свабоду!” і „Адправім Сашу ў Рашу”. Міліцыя суправаджае дэманстрантаў, але не перашкаджае іх руху.
Да пачатку шэсця, яшчэ на плошчы Свабоды актывіст кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Міхаіл Бандарэнка, які вылучаўся ў парламент ад Партыі БНФ па Мазырскай выбарчай акрузе № 42, заявіў пра зняцце сваёй кандыдатуры і спаліў сваё пасведчанне кандыдата ў дэпутаты. Аналагічным чынам паступілі кандыдаты, якія былі знятыя Цэнтравыбаркамам або зняліся з выбараў самі, Вольга Нікалайчык, Арцём Чарняк, Дзмітрый Казлоў, Аксана Юшкевіч. Пра свой намер зняцца з выбараў БелаПАН таксама паведаміла сустаршыня руху салідарнасці „Разам” Алена Талстая, у рамках перадвыбарнага пікета якой праходзіць акцыя.
Журналістка Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, выступаючы на плошчы Свабоды, заявіла, што Беларусь не зможа быць суверэннай дзяржавай і пазбавіцца ад залежнасці ад Расіі, калі будзе запушчаная астравецкія АЭС.
У сваю чаргу, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павал Севярынец заявіў, што апошнія сумленныя выбары ў Беларусі былі ў 1994 годзе. З таго моманту, адзначыў палітык, ён пабываў на „хіміях”, у турмах, „на сутках”, і не хоча, каб яго лёс паўтарала новае пакаленне беларусаў. Уладам, як лічыць Севярынец, „не ўдасца зламаць беларускую моладзь”.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, давераная асоба Алены Талстой, заявіў, што наступны год „будзе вызначаць лёс нацыі”. „Нам давядзецца пераадолець страх, выйсці на абарону краіны”, — сказаў Статкевіч.
Падчас сустрэчы на плошчы Свабоды да мікрафона падыходзілі многія ўдзельнікі, якія выказваліся ў падтрымку развіцця малога і сярэдняга бізнесу, моладзі, дэмакратычных каштоўнасцяў.
Пасля мітынгу на Плошчы Свабоды калона ўдзельнікаў рушыла да будынку ЦВК на плошчы Незалежнасці, дзе адбыўся кароткі мітынг. Некаторыя кандыдаты ў дэпутаты спалілі свае пасведчанні.
Фота: svaboda.org