Другі дзень пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй (абноўлена)
8 снежня ў Менску адбылася акцыя пратэсту супраць «паглыблення інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Учора на яе заклікаў Павал Севярынец.
Акцыя закончылася заключным мітынгам на Кастрычніцкай плошчы.
Арганізатары акцыі заклікалі ў чарговы раз выйсці на плошчу 20 снежня. У гэты дзень запланаваная чарговая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Заклікае адзін з лідараў Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык:
Таксама Вячаслаў Сіўчык заклікаў прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў розных краінах свету праводзіць акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй.
***
Частка дэманстрантаў на чале з Севярынцам вырашыла вярнуцца на Кастрычніцкую плошчу, але многія разыходзяцца.
Па словах арганізатара мітынга і шэсця, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, у нядзелю людзей прыйшло нават больш, чым у першы дзень пратэстаў.
– Гэта класна. Беларусь прачынаецца. І самае галоўнае, што 70-80 адсоткаў, якія ўдзельнічаюць, – гэта моладзь. Гэта крута. Пачынаецца абуджэнне Беларусі. Таму, я думаю, гэта той штуршок, якога чакала Беларусь. Моладзь, праз сацыяльныя сеткі, праз інтэрнэт, будзе пашыраць гэтую ідэю. Я спадзяюся, што 20 снежня людзей будзе яшчэ больш.
РР: Як вы ацэньваеце, што дамовы 7-га ўсё ж такі не былі падпісаныя ў Сочы?
– Гэта ў тым ліку і перамога тых людзей, якія ўчора і сёння выйшлі на гэтыя вуліцы. Тое, што гэтае пагадненне не падпісана, тут ёсць аб’ектыўныя прычыны, звязаныя з Лукашэнкам і Пуціным, але таксама і з беларускім народам. Беларусы будуць уплываць на сітуацыю. Беларусы зноў робяцца сілай.
Таму 20 снежня, калі перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна павінны працягнуцца, Павел Севярынец заклікае грамадзянаў ізноў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Петыцыю ад пратэстоўцаў прыняў старшы лейтэнант Зубок. Яму адчынілі пасольскую браму, ён зайшоў на тэрыторыю дыппрадстаўніцтва. Тым часам па перымэтры канцэнтруюцца аўтобусы з міліцыянтамі, а таксама аўтазакі з байцамі спецназу.
Падыходы да амбасады перакрытыя супрацоўнікамі АМАП, там стаяць аўтазакі, «сінія бусікі» і людзі ў цывільным.
Каля амбасады амбасады Расеі стаяць аўтазакі і АМАП.
Калона ідзе да амбасады Расейскай Федэрацыі ў Менску. Арганізатары хочуць перадаць туды рэзалюцыю мітынга.
Пратэстоўцы выйшлі на праспект Незалежнасці і рушылі па ім маршам у бок плошчы Перамогі.
Рэзалюцыю сходу на Кастрычнікай плошчы зачытала сустаршыню руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая. „Мы, грамадзяне Беларусі, выказваем рашучы пратэст супраць глыбокай інтэграцыі з Расеяй. Заяўляем аб нелігітымнасці дакументаў, якія могуць быць падпісаныя. Мы не будзем ім падпарадкоўвацца. Заклікаем міжнародную супольнасць праявіць салідарнасць. Беларускаму народу патрэбна вяртанне правоў і свабодаў, прапісаных у Канстытуцыі, у тым ліку права абіраць уладу. Свабоду не спыніць! Незалежнасць — гэта шлях да свабоды. Жыве Беларусь!”
Ідзе збор подпісаў пад зваротам да прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з патрабаваннем азнаёміць грамадскасць з утрыманнем інтэграцыйных дакументаў, якія плануюць падпісаць у снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Некаторыя дэманстранты трымаюць плакаты з надпісамі: „Бывай, нямытая Расія!”, „За Беларусь без Лукашэнкі”, „Пуцін, ідзі на…”.
Людзі трымаюць дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў, а таксама сцягоў апазіцыйных партый і рухаў, яны перыядычна скандуюць: „Незалежнасьць!”, „Далучайся!”, „Ніякіх саюзаў з імперскай Расіяй!”, „Жыве Беларусь!”.
„Сёння не толькі дзень, калі Лукашэнка і Пуцін збіраліся падпісваць свае дамовы, але і дзень развалу Савецкага Саюза. 8 снежня 1991 года ў Віскулях было падпісанае пагадненне аб спыненні існавання СССР, — нагадаў прысутным Севярынец. — Мы ведаем, што сёння Лукашэнка і Пуцін нічога не падпісваюць, таму ў нейкім сэнсе наш пратэст спрацаваў”.
Палітык заклікаў тых удзельнікаў акцыі, якія трымаюць сцягі, „пастарацца, каб яны луналі ў небе як птушкі, каб іх было відаць здалёк”. „Сённяшні пратэст павінен натхняць”, — дадаў ён.
Супрацоўнікі міліцыі праз мегафон „пераканаўча просяць” прысутных разысціся, паколькі мерапрыемства не санкцыянаванае ўладамі.
Па словах старшыні Руху „За Свабоду” Юрася Губарэвіча, перамовы і магчымае падпісанне новых дамоваў аб паглыбленні інтэграцыі паміж Расеяй і Беларуссю адбываецца без уліку меркавання беларускага народу. Трэба таксама нагадаць, што 25 год таму Беларусь, Расея, ЗША і Велікабрытаннія падпісалі Будапешцкі мемарандум, які ўзамен на вывад ядзернай зброі з Беларусі гарантаваў бяспеку суверэнітэту і незалежнасці краіны. Падобныя мемарандумы былі падпісаны таксама з Украінай і Казахстанам. І як не парадаксальна гучыць, трэба нагадаць гарантам гэтай дамовы – ЗША, Велікабрытаніі і асабліва Расеі, аб дадзеных імі абяцаннях.
– Пра гэта заўсёды трэба нагадваць і трэба перапыняць любыя спробы абмежавання незалежнасці, спасылацца на волю беларускага народа. Бо як мы нядаўна пачулі ад прадстаўнікоў Еўрапейскага звязу, што калі так вырашылі беларусы, то няхай так і будзе. Але праблема ў тым, што беларусы ўжо 25 гадоў пазбаўлены права нешта вырашаць у сваёй краіне. Нагадваць трэба, але перадусім трэба дэманстраваць уласную волю і ўласнае жаданне абараняць незалежнасць. Гэта самы галоўны аргумент.
Ніхто, акрамя нас саміх, не выратуе Беларусь і не абароніць яе ад пагрозы страты суверэнітэту і незалежнасці, – падкрэсліў Юрась Губарэвіч. Ён прыняў удзел у мітынгу супраць паглыблення інтэграцыі паміж Расеяй і Беларуссю, які адбыўся 7 снежня ў цэнтры Менску, на Кастрычніцкай плошчы, а потым на плошчы Свабоды.
Прадстаўнік Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы айцец Вікенцій (Віктар Кавалькоў) прыйшоў на мітынгі ў падтрымку незалежнасці ў Менску з крыжом, які стаяў у нямётавым лагеры пратэстуючых яшчэ ў сакавіку 2006 году, пасля прэзідэнцкіх выбараў. Намётавы лагер знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы, якую пратэстоўцы называлі плошчай Каліноўскага. І вось крыж вярнуўся на плошчу Каліноўскага, – кажа айцец Вікенцій:
– Калісьці Хрыстос ішоў з Крыжам на свой апошні шлях, каб паказаць людзям, што ратуе людзей гэтым сваім шляхам і дае ім свабоду. Сённяшні дзень паказвае беларусам, якія яшчэ жывуць у нашай несвабодзе, якую хочуць зусім зруйнаваць, і аддаць ва ўладу Маскоўскай імперыі.
Таму зараз надыйшоў час для беларусаў паказаць сваю годнасць, і тое, што для іх з’яўляецца краіна, за якую Кастусь Каліноўскі 150 год таму змагаўся і аддаў сваё жыццё, — кажа айцец Вікенцій.
Беларускае Радыё Рацыя