Дуда паведаміў пра наяўнасць тэрарыстаў сярод тых, хто спрабуе нелегальна перасекчы мяжу
Сярод тых, хто спрабуе нелегальна перасекчы мяжу Польшчы, ёсць людзі, звязаныя з тэрарыстычнымі арганізацыямі, заявіў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда на Варшаўскім форуме па бяспецы.
„Цяпер мы перажываем гібрыдную агрэсію ў адносніх да Польшчы ў выглядзе спробаў перасялення мігрантаў на тэрыторыю ЕЗ беларускімі службамі. Мы з поўнай рашучасцю абараняем межы NАТO і Еўрапейскага Звяза”, — прыводзіць словы Дуды naviny.online са спасылкай на сайт прэзідэнта.
„Сёння мы ўпэўненыя, што сярод людзей, якія спрабуюць нелегальна перасекчы мяжу, ёсць людзі, звязаныя з тэрарыстычнымі арганізацыямі”, — дадаў кіраўнік польскай дзяржавы.
Паведамляецца таксама, што з нагоды Варшаўскага форуму па бяспецы Дуда сустрэўся са Святланай Ціханоўскай.
Варшаўскі форум па бяспецы (WSF) — адна з найбуйнейшых канферэнцый ў Еўропе, прысвечаных трансатлантычнаму супрацоўніцтву і пытанням глабальнай бяспекі і абароны. Ён праводзіцца штогод з 2014 года і збірае ў сярэднім 1500 удзельнікаў з 40 краін, сярод якіх кіраўнікі дзяржаў, міністры, вядучыя дзеячы міжнародных і няўрадавых арганізацый, высокапастаўленыя прадстаўнікі бізнесу, сродкаў масавай інфармацыі, навуковых колаў і грамадзянскай супольнасці.