Чарговы дзень міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы (абнаўляецца)



Часовы пункт размяшчэння бежанцаў у транспартна-лагістычным цэнтры, які быў створаны на беларуска-польскай граніцы, наведалі прадстаўнікі ААН у Беларусі, перадае БЕЛТА.

Прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі (УВКБ ААН) Мулусеу Мамо разам з іншымі агледзелі тэрыторыю ТЛЦ, азнаёміліся з умовамі знаходжання там людзей.

* * *

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі мае намер у бліжэйшы час здзейсніць серыю візітаў у еўрапейскія краіны з-за складанай геапалітычнай сітуацыі. Пра першыя тры візіты ў Літву, Латвію і Эстонію ў нядзелю, сёння паведаміў афіцыйны прадстаўнік урада Пётр Мюлер, піша wnp.pl.

Фота: polsatnews.pl

«Мы павінны зрабіць высновы з таго, што адбылося ў выніку дзеянняў Расеі ў Грузіі, дзеянняў Расеі ў Крыме і дзеянняў Расеі на ўсходзе Украіны. Геапалітычная сітуацыя складаная», – сказаў прэс-сакратар урада.

* * *

Беларускія памежнікі адказалі, чаму не затрымлівалі мігрантаў у памежнай зоне. Падчас прамой лініі журналіст “Нашай Нівы” датэлефанаваўся да намесніка старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігара Печаня і задаў яму некалькі пытанняў пра тое, што адбываецца на мяжы. У прыватнасці ён пацікавіўся, чаму мігрантаў не пусцілі першапачаткова на памежны пераход у „Брузгі”, а адправілі ў лес, дзе пераход мяжы забаронены? Чаму не спынілі тых, хто разбіраў і кідаў плітку ў польскіх памежнікаў? Чаму не штрафавалі тых, хто незаконна знаходзіцца ў памежнай паласе?

Адказ ваеннага, праўда, пакінуў больш пытанняў:

— Па-першае, органы памежнай службы выконваюць заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы. Другое — вы нават на падставе сродкаў масавай інфармацыі на многія пытанні знойдзеце адказы, трэцяе — вы таксама ў поўнай меры не валодаеце абстаноўкай, чацвёртае, што я павінен вам сказаць, гэта тое, што вашая ацэнка мае права на жыццё, але яна не з’яўляецца падставай для абмеркавання гэтага пытання. Адказ скончаны. Падагульніў  прадстаўнік беларускіх памежнікаў адказваючы на пытанні журналіста.

Нагадаем, 16 лістапада мігранты масава спрабавалі прарвацца праз мяжу. “Турысты” ў той дзень ламалі загароды і разбіралі плітку ў пункце пропуску “Брузгі”, каб кідаць ёй у польскіх сілавікоў.

* * *

„Мы павінны быць гатовыя да таго, што праблема на польска-беларускай мяжы зойме месяцы. Гэта бачна па стаўленні рэжыму Беларусі, які, несумненна, застаецца ва ўладзе толькі таму, што мае падтрымку Крамля”, — сказаў кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак ў суботу ў размове з Кшыштафам Земцэм на RMF FM.

«Для мяне няма ніякіх сумненняў у тым, што так будзе, што гэта доўгатэрміновы сцэнар», — падкрэсліў кіраўнік Мінабароны.

* * *

Група мігрантаў учора закідала польскіх сілавікоў камянямі, спрабуючы перасекчы беларуска-польскую мяжу, паведамляе podlaska Policja. Ніхто з паліцыянтаў не пацярпеў, але шыбы ў дзьвюх паліцэйскіх машынах былі разбітыя.

* * *

Польшча гатовая прафінансаваць вяртанне мігрантаў з беларуска-польскай мяжы на радзіму. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр краіны Матэвуш Маравецкі:

– Праз салідарную і рашучую палітыку абароны мяжы мы павінны давесці да вяртання мігрантаў дадому. Можам дапамагчы ім у фінансаванні пералётаў з Беларусі, з Менска ў Багдад, Стамбул ці іншыя гарады.

Таксаам Маравецкі правёў тэлефонныя перамовы з прэм’ерам Ірака і прэм’ерам рэгіянальнага ўрада Курдыстана. Яны паабяцалі супрацоўнічаць у вяртанні сваіх суграмадзян на радзіму.

Паводле звестак прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, на сёння ў Беларусі знаходзяцца каля сямі тысяч мігрантаў, якія хацелі б трапіць на тэрыторыю ЕЗ.

* * *

Фота: strazgraniczn

За апошнія суткі адбыліся дзве больш маштабныя спробы гвалтоўнага перасячэння польска-беларускай мяжы – каля Дубічаў Царкоўных і Мельніка, паведамляюць падляшскія памежнікі.

Замежнікі былі агрэсіўныя — кідалі камяні, петарды і ўжылі слезацечны газ, паведамляе Straż Graniczna.

На здымках відаць, як мігранатаў прывозілі і адвозілі на грузавіках Беларускай памежнай службы:

У пятніцу, 19 лістапада, на мяжы супрацоўнікі Straż Graniczna зафіксавалі 195 спробаў незаконнага перасячэння мяжы, 5 замежнікаў арыштаваныя. Рашэнні аб выездзе з тэрыторыі Рэспублікі Польшча прынятыя ў дачыненні да 82 іншаземцаў. Таксама паліцыя затрымала 3 чалавек па факце садзейнічання ў незаконным перасячэнні мяжы. Затрыманыя — двое грамадзян Германіі і грамадзянка Украіны. Падчас агляду аўтамабіля «Фольксваген» у Мілейчыцах адзін з перавезеных быў знойдзены ў схованцы, другі ляжаў пад адзеннем.

Фота: twitter.com/MSWiA_GOV_PL

„Чакаем, што ўлады Беларусі будуць працягваць накіроўваць групы замежнікаў на мяжу з Польшчай”, – заявіў прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцслужбаў Станіслаў Жарын. Ён палічыў аптымістычным сігналам спецыяльны рэйс, на якім першыя мігранты вярнуліся ў Ірак.
Ён нагадаў, што ў чацвер быў разабраны найбуйнейшы лагер мігрантаў у Брузгах, а замежнікаў перавялі на суседні склад беларускай лагістычнай кампаніі Bremino. «Там створаны цэнтр, дзе мігранты могуць пагрэцца і паесці, аднавіцца пасля заняткаў, для якіх іх выкарыстоўвае беларускі бок», — дадаў Жарын. 

* * *

«Гуманітарная сітуацыя і сітуацыя з правамі чалавека на мяжы Польшчы і Беларусі выклікаюць трывогу. Неабходныя тэрміновыя меры, каб абараніць жыццё людзей, якія апынуліся ў памежным рэгіёне», — заявіла еўракамісар Рады Еўропы ў пытаннях правоў чалавека Дуня Міятавіч пасля сваёй 4-дзённай місіі ў Польшчы.

Паводле Міятавіч, забарона на доступ у памежныя раёны перашкаджае міжнародным арганізацыям і грамадзянскай супольнасці аказваць жыццёва важную гуманітарную дапамогу і праводзіць маніторынг і працу ў галіне правоў чалавека. Умовы надзвычайнага становішча таксама забараняюць доступ СМІ ў памежную зону, а гэта падагравае дэзынфармацыю і ўзмацняе пачуццё няўпэўненасці.

Напярэдадні стала вядома, што беларускі бок прыбірае стыхійны лагер мігрантаў ля памежнага пераходу „Брузгі”. Адпаведнае відэа апублікавалі польскія памежнікі.

На ім відаць, як грузавікі і трактар вязуць адтуль дровы і смецце.

Беларускае Радыё Рацыя

Fot. Agnieszka Sadowska / Agencja Wyborcza.pl