Дуня Міятавіч заклікае ўлады Беларусі скасаваць акрэдытацыю для СМІ



Патрабаванне аб абавязковай акрэдытацыі журналістаў у Беларусі павінна быць адмененае, бо яно рэальна абмяжоўвае магчымасці СМІ.

Такое меркаванне выказала прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч, якая 15-16 верасня знаходзіцца ў Менску з афіцыйным візітам. Яна падкрэсліла, што ўвесь час падымае гэтую праблему падчас кантактаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў.

Акрамя адмены абавязковай акрэдытацыі журналістаў, у Беларусі варта рэфармаваць заканадаўства аб СМІ і доступе да інфармацыі, лічыць Дуня Міятавіч.

Гэтыя законы, паводле яе слоў, «тэрмінова маюць патрэбу ў рэформах» і павінны быць «гарманізаваныя і лібералізаваныя ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі». Змены заканадаўства ў галіне СМІ неабходныя для рэальнага паляпшэння сітуацыі ў краіне, перакананая прадстаўніца АБСЕ.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота eurobelarus.info