Два канфузы на брыфінгу Лукашэнкі і Парашэнкі
У час супольнага брыфінгу кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны здарыліся ажно два канфузы. Адзін з іх можна назваць скандалам. Невядомая дзяўчына ў час брыфінгу агаліла грудзі і выкрыквала „Жыве Беларусь!”. Гэты ж лозунг быў напісаны ў яе на грудзях. Вельмі хутка ахова вывела яе з залі. Пазней высветлілася, што гэта была актывіста руху Femen Анжэліна Дзіаш.
У час інцыдэнта прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка сарамліва адвярнуўся, начальнік беларускай дзяржавы Лукашэнка пры тым усміхаўся.
Выявілася, што актывістка Femen Анжэліна Дзіаш была акрэдытавана на мерапрыемства як журналістка друкаванага выдання „Дзелавая сталіца”. Прадстаўнікі Femen патлумачылі гэтую акцыю як пратэст супраць таго, што Ўкраіна прымае прэзідэнта-дыктатара.
Іншы канфуз звязаны з тым, што аднаму з высокапастаўленых украінскіх чыноўнікаў стала кепска і ён страціў прытомнасць. Пры тым першым на гэта адрэагаваў Лукашэнка, які якраз выступаў у той момант. Ён прапанаваў, каб чалавеку далі крэсла. Страціўшага прытомнасць вынеслі з залі на руках. „Вот такие насыщенные переговоры, не надо перегружать наших членов правительства”, – пажартаваў у гэтай сітуацыі Лукашэнка.
Паводле адной версіі гэтым чыноўнікам ёсць 61-гадовы старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Віктар Назаранка.
Беларускае Радыё Рацыя