Два пікеты насупраць адзін аднаго



У зборы подпісаў за кандыдацтва на бліжэйшай парламенцкай кампаніі ад Берасця стараюцца не адставаць і так званыя “праўладныя” ініцыятыўныя групы.

Неўзабаве пасля з’яўлення пікета ініцыятыўнай групы праціўнікаў акумулятарнага завода ля кінатэатра “Беларусь”, насупраць яго, з’явіўся і пікет са сцягамі “Белай Русі”. Там збіраліся подпісы за дзейснага дэпутата Леаніда Брыча, колішняга апанента блогера Сяргея Пятрухіна на мінулых выбарах:

– Па кватэрах ходзім, па дамах ходзім. Подпісаў ужо больш за сто. Думаем, што назбіраем. РР: У вас такія шалікі цікавыя. Гэта што за арганізацыя? – Ветэранская арганізацыя. РР: Ветэранаў працы? – Так, ветэранаў працы. РР: Калі людзі падыходзяць да вас і пакідаюць свае подпісы, пра што яны звычайна пытаюцца? – Мы сёння першы дзень у пікеце. Таму, калі будуць пытацца, будзем адказваць.

Што праўда, большы натоўп людзей назіраўся на суседнем пікеце, дзе збіралі подпісы адразу за чатырох кандыдатаў ад ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Падпісанты выказаліся, чаму пакінулі свае подпісы:

– Калі шчыра, дык да цяперашняй улады даверу няма. Таму і падпісаўся.   – Таму што я сачу за гэтымі людзьмі ўжо больш двух гадоў, і ў мяне да іх вялікі давер, і дасюль я не знаёмы са сваім дэпутатам, хаця ведаю, хто ён і што ён. А гэтыю людзі, думаю, будуць прымаць актыўны ўдзел у жыцці гэтай акругі.

Берасце і Берасцейскі раён падзелены на 4 выбарчыя акругі. Між іншым, ва ўсіх чатырох акругах вылучыцца спрабуюць прадстаўнікі ініцыятыўнай групы праціўнікаў акумулятарнага завода. Усе чацьвёра –  шляхам збора подпісаў. Выбары ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Схода Рэспублікі Беларусь адбудуцца 17 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя