Дваццаць гадоў таму бясследна знік Юрый Захаранка
Споўнілася 20 гадоў з моманту знікнення былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі. Палітык знік пры нявысветленых абставінах 7 траўня 1999 года, і яго месцазнаходжанне да гэтага часу не ўстаноўленае.
У студзені 2019 года стала вядома, што 26 снежня 2018 года папярэдняе следства па факце знікнення Захаранкі была прыпыненае. Праваабаронца Алег Волчак у сакавіку гэтага года накіраваў скаргу генеральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку ў сувязі з прыпыненнем следства. Як паведаміў Волчак БелаПАН, скарга пакінутая без разгляду.”Скаргу пакуль пакінулі без разгляду, таму што павінны звяртацца сваякі, — растлумачыў Волчак. — Але малаверагодна, што будуць праводзіцца следчыя дзеянні, нават калі яны звернуцца. Яго прыпыненне было ўзгодненае на высокім узроўні”.
Паводле слоў праваабаронцы, аднавіць следства мог бы і сам генпракурор, улічваючы, што справа рэзанансная. „Таксама Еўрапарламент мог бы звярнуцца ў межах сваіх паўнамоцтваў і пацікавіцца, наколькі прасунулася следства”, — сказаў Волчак.
Падчас першых прэзідэнцкіх выбараў Юрый Захаранка ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, пасля перамогі якога ўзначальваў МУС у 1994—1996 гадах. Пайшоўшы ў апазіцыю, у 1998 годзе ўзначаліў камітэт па бяспецы ценявога ўрада. Вясной 1999 года актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта, уваходзіў у каманду былога прэм`ер-міністра Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў. У верасні 1999 года таксама бясследна зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі. Справа па факце забойства Юрыя Захаранкі была распачатая 17 верасня 1999 года на падставе артыкула 101 КК (наўмыснае забойства) і не завершанае да гэтага часу.
Прадстаўнікі апазіцыі, сваякі зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што яны былі выкрадзеныя паводле палітычных матываў, і падазраюць у дачыненні да гэтага злачынства вышэйшых службовых асоб краіны. Украінскі пасол у Менску ў 2010—2011 гадах Раман Бяссмертны ў інтэрв`ю ўкраінскаму каналу „ЧП Info” ў красавіку заявіў, што да знікнення палітыкаў маглі быць датычныя замежныя спецслужбы, якія праводзілі аперацыю па дыскрэдытацыі Лукашэнкі, аналагічную „касетнаму скандалу” з прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам.
„Потым, калі я стану паслом у Беларусі, я даведаюся пра тое, як паводле той жа схемы Лукашэнку зрабілі ручным. А ўжо да таго я ведаў гісторыю 1996—1997 гадоў, як увесь час Кучму заганялі ў кут. Ён адтуль выскокваў. А прайшоўшы праз 2014 год, то я ўпэўнены ў тым, што сітуацыя, якая прапрацоўвалася пазней па Лукашэнку ці паралельна, дакладна такая ж прапрацоўвалася і па Кучму”, — заявіў Бяссмертны.
„Яшчэ раз скажу, — працягнуў ён, — я ўжо калі стаў паслом, я атрымаў інфармацыю аб тым, як забівалі Захаранку, міністра ўнутраных спраў, як давялі да смерці намесніка старшыні Вярхоўнага савета Беларусі, як перад гэтым (насамрэч пазней.) забілі старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі і г.д. І ўсё гэта вешалася на Лукашэнку — стала відавочна, што працавала схема, як загнаць Кучму ў кут”.