Двухкіламетровая калона тэхнікі ПВК „Вагнер”прыбыла ў лагер пад Асіповічамі



У лагер у вёсцы Мэта пад Асіповічамі прыбыла больш за 100 адзінак тэхнікі ПВК „Вагнер”, паведамляе маніторынгавая група „Беларускi Гаюн”. Такую выснову „Гаюн” робіць з відэа, якія былі знятыя 17 ліпеня раніцай на трасе М5, і спадарожнікавых здымкаў лагера, апублікаваных выданнем The New York Times.

У калоне, якая рухалася па М5, налічвалася больш за 100 адзінак тэхнікі, у тым ліку 19 «буханак», 21 фура, 9 аўтобусаў, 11 тралаў і грузавікоў з будаўнічай тэхнікай і пікапы. Спадарожнікавыя здымкі, атрыманыя NYT, пацвярджаюць, што калона прыбыла ў лагер пад Асіповічамі.

Пра той факт, што невялікая колькасць байцоў «Вагнера» прыбыла ў Беларусь, 15 ліпеня заявіла таксама Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі. Паведамленне пра пачатак навучання беларускіх падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў інструктарамі «Вагнера» з’явіліся ад Мінабароны Беларусі.

16 ліпеня калону з машынамі паказала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Яны ж сцвярджаюць, што 17 ліпеня ў гэты лагер прыбыла ўжо трэцяя калона з вайскоўцамі.

„Я б не назваў іх падраздзяленнямі, я б назваў іх групамі, якія без узбраення, боепрыпасаў і тылавога забяспечання перакідваюцца ў Беларусь, іх колькасць невялікая”, — цытуе міністра абароны Літвы Арвідаса Анушаўскаса літоўскае выданне LRT са спасылкай на BNS.

Паводле Анушаўскаса, „Вагнер” у Беларусі, хутчэй за ўсё, паспрабуе стварыць сваю лагістычную базу для аперацый у Афрыцы.