Двум арыштаваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках змянілі меру стрымання



Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне паведаміла, што 11 кастрычніка са следчага ізалятара КДБ выпусцілі бізнесоўца і сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага і дырэктара менскага офіса кампаніі PandaDoc Дзмітрыя Рабцэвіча. Ім змянілі меру стрымання на хатні арышт.

Васкрасенскі сказаў, што яму даручылі рыхтаваць прапановы да паправак у Канстытуцыю і выкласці падыходы па вызваленні шэрагу асоб, якія «выявіліся не так грамадска небяспечнымі для краіны, як здаваліся на першым этапе».

Дзмітрый Рабцэвіч мае намер працягваць займацца бізнесам, бо ў структуры Парку высокіх тэхналогій «створаны ўсе ўмовы, каб плаціць нармальныя заробкі, развівацца, будаваць будучыню разам».

Шэраг людзей упэўнены, што дадзеныя заявы зробленыя пад ціскам і шантажом з боку рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя