Дыпламаты краін ЕЗ заклікаюць Беларусь выконваць абавязацельствы перад ААН і АБСЕ



Дыпламатычныя місіі Еўрапейскага звяза заклікаюць беларускія ўлады выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і абавязацельствы перад ААН і АБСЕ, гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі.

Паведамленне апублікаванае пасля таго, як 14 траўня дыпламаты ЕЗ не змаглі трапіць у залу суда, дзе пачаўся працэс па справе групы студэнтаў і выкладчыкаў за пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года.

У прадстаўніцтве Еўразвяза нагадалі, што дыпламатычныя місіі „маюць міжнародна прызнанае права ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах сачыць за развіццём падзей у ключавых краінах, у якіх яны працуюць, і ў тым ліку за ходам значных судовых пасяджэнняў”.

„Празрыстасць дзейнасці судоў у Беларусі замацавана законам, каб забяспечыць фундаментальнае права ўсіх затрыманых на незалежны і справядлівы суд”, — падкрэслілі ў прадстаўніцтве ЕЗ.

„Мы заклікаем Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і абавязацельствы ў рамках ААН і АБСЕ і забяспечыць захаванне правоў чалавека і асноўных свабод, у тым ліку ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах”, — заяўляюць дыпламаты.

Раніцай 14 траўня суд Савецкага раёна Менска пад старшынствам суддзі Марыны Фёдаравай пачаў разгляд „справы студэнтаў”, па якой праходзяць 12 чалавек. Усе падсудныя прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі вязнямі і знаходзяцца пад вартай з 12 лістапада 2020 года. Выязное пасяджэнне праходзіць у будынку суда Кастрычніцкага раёна Менска і Дома правасуддзя.

Да будынка раніцай прыйшло шмат людзей. Сваякоў (па два на кожнага абвінавачванага) прапусцілі ў будынак за некалькі хвілін да пачатку працэсу. У залу ўвайшлі прыблізна 25 чалавек, яшчэ прыкладна 40 засталіся ў калідоры. Уваход ажыццяўляўся праз металашукальнікі і пасля надгляду.

Нікога з журналістаў недзяржаўных СМІ, якія некалькі разоў звярталіся з просьбай даць ім магчымасць выканаць свае прафесійныя абавязкі, у залу суда не прапусцілі.

На вуліцы перад будынкам засталося каля 200 чалавек. Супрацоўнік МУС у мегафон заклікаў людзей разысціся, а чалавек у цывільным ажыццяўляў відэаздымку прысутных.

Сярод затрыманых каля будынка суда — карэспандэнт партала tut.by Любоў Каспяровіч і экс-старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі і прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

Пазней тэлеграм-канал ГУУС Мінгарвыканкама паведаміў, што каля Дома правасуддзя былі затрыманыя 14 чалавек, „якія не выканалі законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі”. „Праваахоўнікі неаднаразова папярэджвалі прысутных аб незаконнасці правядзення масавых мерапрыемстваў і папрасілі разысціся. Названыя грамадзяне дастаўлены ў тэрытарыяльнае РУУС Менска для разбору”, — гаварылася ў паведамленні.

belapan.by