Дыпламаты заходніх краін сустрэліся з Макеем
Кіраўнікі дыпламатычных місій Еўразвязу і дзяржаў — членаў ЕЗ, прадстаўленых у Менску, а таксама Вялікабрытаніі, Швейцарыі і ЗША 9 снежня сустрэліся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.
Паводле інфармацыі прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі, на сустрэчы дыпламаты „запыталіся аб планах беларускіх уладаў у дачыненні да выканання патрабаванняў Канстытуцыі краіны і міжнародных абавязацельстваў, якія тычацца фундаментальных правоў і свабод, а таксама вяршэнства права”, што, у першую чаргу, выявілася б у наступным:
– спыненні затрыманняў, гвалту і бесчалавечнага абыходжання з мірнымі пратэстоўцамі;
– вызваленні ўсіх палітычных зняволеных і несправядліва затрыманых;
– судовым пераследзе тых, хто санкцыянаваў і ўчыняў акты гвалту і бесчалавечнага абыходжання, якія прывялі да раненняў, траўмаў, гібелі людзей і фармавання агульнай атмасферы беззаконнасці;
– правядзенні свабодных і справядлівых выбараў пад незалежным назіраннем.
„Дыпламаты таксама праінфармавалі міністра аб магчымых сцэнарах, паводле якіх маглі б развівацца адпаведныя двухбаковыя адносіны, калі б улады Беларусі распачалі адчувальныя і значныя захады па аднаўленні вяршэнства права”, — гаворыцца ў паведамленні.
Кіраўнікі дыпламатычных місій заклікалі ўлады Беларусі „ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія перашкаджаюць дыпламатычнай супольнасці ў Беларусі ў выкананні сваіх стандартных дыпламатычных абавязкаў у атмасферы, свабоднай ад умяшання і запалохвання”. „Яны таксама выказалі чаканне, што беларускі бок пагодзіцца на вяртанне ў Беларусь паслоў Літвы і Польшчы і іх штата дыпламатычных супрацоўнікаў да канца года, — адзначаецца ў паведамленні. — Дыпламаты паўтарылі, што іх урады гатовыя аказваць падтрымку і садзейнічаць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі, абараняючы суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, а таксама яе бяспечную, дэмакратычную і квітнеючую будучыню”.
Прэс-служба МЗС аб сустрэчы пакуль нічога не паведамляла.