Дыпламаты ЗША і ЕЗ наведалі офіс БелаПАН



Дыпламаты прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі, пасольстваў ЗША і Вялікабрытаніі 8 жніўня наведалі офіс інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, каб выказаць падтрымку затрыманай напярэдадні карэспандэнтцы агенцтва Таццяне Каравянковай.

Дыпламаты цікавіліся абставінамі затрымання журналістаў, версіямі таго, што адбываецца, тым, наколькі канфіскацыя тэхнікі паўплывае на працу БелаПАН.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын запэўніла, што будзе „ўсімі сіламі дапамагаць” Таццяне Каравянковай і не перастане сачыць за яе лёсам у далейшым. Паводле слоў Віктарын, пазіцыя Бруселя заключаецца ў тым, каб усе незаконна затрыманыя былі вызваленыя. „Якая б інфармацыя ні ўсплыла, гэта не падстава затрымліваць людзей у падобнай сітуацыі. Мы чакаем адказаў: пакуль не зразумела, якія ў абвінавачання ёсць доказы”, — сказала яна.

Віктарын таксама падкрэсліла, што ЕЗ працягне надаваць вялікае значэнне свабодзе слова і выказвання і не адмовіцца ад гэтых каштоўнасцяў.

Міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова была затрыманая раніцай 7 жніўня на 72 гадзіны ў межах справы, распачатай Следчым камітэтам на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды). Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла „паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „БелТА” аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў”. Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС „выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з’яўляецца „БелТА”.

У Таццяны Каравянковай прайшлі вобыскі на дачы і ў кватэры, канфіскаваная ўся тэхніка, у тым ліку тэлефон яе маці. Журналістка знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, сёння маці перадала ёй рэчы першай неабходнасці і прадукты. На 11.00 9 жніўня прызначаны допыт, падчас якога з Каравянковай нарэшце зможа сустрэцца яе адвакат. Ад давання паказанняў у прысутнасці дзяжурнага адваката 7 жніўня журналістка адмовілася.

belapan.by