Дыпламатычны канфлікт паміж Менскам і Варшавай
Дыпламатычны канфлікт паміж Менскам і Варшавай. Беларускія консулы з Варшавы і Беластоку пакінулі Польшчу, а з Беларусі з’ехалі польскія консулы з Гародні і Берасця.
Прычынай, паводле беларускага боку, стала імпрэза, прысвечаная «дню выклятых жаўнераў», якую ладзілі грамадскія польскія арганізацыі, дзе нібыта праслаўлялі Рамуальда Райса пад псеўданімам “Буры”.
Андрэй Пачобут з Саюза палякаў у Беларусі лічыць, што гэта маштабная акцыя супраць навучання польскай мовы:
– Яны ўдарылі па грамадскіх школах. Цяпер Генеральная пракуратура распачала праверку на тэрыторыі ўсёй краіны. Пракуроры наведваюць усе камерцыйныя, некамерцыйныя, грамадскія дзяржаўныя месцы, дзе вывучаецца польская мова. Па-сутнасці мы маем шырокамаштабную акцыю супраць польскай мовы на тэрыторыі Беларусі.
У Беларусі завялі крымінальную справу па факце ўчынення групай асобаў наўмысных дзеянняў паводле нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і рэабілітацыі нацызму. Афіцыйны Менск заявіў, што ўдзельнікі ўшаноўвалі памяць вайсковага злачынцы Рамуальда Райса «Бурага», чые байцы спалілі на Беласточчыне пяць беларускіх вёсак і забілі дзясяткі жыхароў.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя