Дыпламатычны скандал



Прага і Масква зноў абмяняліся гучнымі заявамі. Міністэрства замежных спраў Чэхіі напярэдадні выказала пратэст амбасадару Расеі Аляксандру Змееўскаму ў сувязі з высылкай з Масквы 20 супрацоўнікаў чэшскай амбасады. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Чэхіі Якуб Кулганек запатрабаваў, каб усіх дыпламатаў, абвешчаных персонамі нон грата, вярнулі назад. Калі ж дыпламаты не пачнуць зноў працаваць у Маскве, Прага гатовая прывесці колькасць супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Чэхіі ў парытэтную адпаведнасць. Тэрмін Маскве далі да 12 гадзін.

Чэшскі ўльтыматум у Маскве пракаментавалі афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава і прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў, паведамляе ТАСС.

Захарава сказала, што такі тон у дачыненні да Расеі недапушчальны. „Мяркуючы па заявах некаторых чэшскіх палітыкаў, яны імкнуцца Кафку зрабіць быллю. Прапануем Празе пакінуць ультыматумы для зносін унутры НАТА”, — сказала Захарава і папярэдзіла, што 22 красавіка размова з амбасадарам Чэхіі будзе працягнуты ў МЗС Расеі. Аб бесперспектыўнасці размаўляць з Масквой у такой стылістыцы сказаў і Пяскоў. Дыпламатычны канфлікт паміж Расеяй і Чэхіяй разгарэўся 17 красавіка, калі Прага абвінаваціла расейскія спецслужбы ў арганізацыі выбухаў на вайсковых складах у Врбеціцы ў 2014 годзе і выслала з краіны 18 супрацоўнікаў расейскай амбасады. Расея назвала абвінавачванні абсурднымі і ў адказ выслала з Масквы 20 дыпламатаў.

Беларускае Радыё Рацыя