Дырэктар „Белсата”: Існаванню тэлеканала нічога не пагражае



Прэм’ер-міністр Польшчы Беата Шыдла запэўніла дырэктара „Белсата” Агнешку Рамашэўску-Гузы ў тым, што існаванню тэлеканала нічога не пагражае. Пра гэта дырэктар тэлеканала паведаміла 5 студзеня па выніках сваёй сустрэчы з польскім прэм’ерам.

AppleMark

„Думаю, што вы, як і я, будзеце задаволеныя навіной, якую я хачу распавесці: так, прэм’ер-міністр запэўніла мяне і прасіла перадаць, што існаванню „Белсата” нічога не пагражае. Найбліжэйшы месяц мы прысвецім усталяванню далейшых правілаў супрацоўніцтва з Міністэрствам замежных спраў”, — напісала Рамашэўска-Гузы ўвечары 5 студзеня ў „Фэйсбуку”.

Яна дадала, што размова была пазітыўнай і прыязнай.

Пра падрабязнасці сустрэчы дырэктар тэлеканала не паведамляе. Звязацца з ёй па тэлефоне для каментара не атрымліваецца.

Навіна аб тым, што „Белсат” працягне працу, з’явілася пасля таго, як сёння на брыфінгу ў беларускім МЗС было паведамлена, што Мінск і Варшава пакуль не дамовіліся пра вяшчанне тэлеканала „Polonia Культура” на тэрыторыю Беларусі.

Пра тое, што МЗС Польшчы скарачае на дзве траціны фінансаванне „Белсата”, і аб магчымым пераводзе тэлеканала на рускамоўнае вяшчанне Агнешка Рамашэўска-Гузы паведаміла 15 снежня 2016 года польскаму выданню wPolityce.pl. Навіна выклікала шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі.

Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі пазней расказаў пра планы польскага ўрада аб’яднаць усе замежныя рэдакцыі TVP Polonia ў адну. Ён запэўніў, што беларуская рэдакцыя „Белсата” не будзе зачыненая, а Агнешцы Рамашэўскай-Гузы „прапанаваная праца ў TVP Polonia на высокай пасадзе”. „Журналісты беларускай рэдакцыі атрымаюць магчымасць далейшай працы. Яны змогуць працягнуць працу над парталам і ствараць матэрыялы для TVP Polonia”, — сказаў кіраўнік польскага МЗС.

Польскае выданне bankier.pl 29 снежня паведамілі, што Вашчыкоўскі пацвердзіў скарачэнне фінансавання „Белсата”. Чыноўнік заявіў, што прычынай таму павелічэнне выдаткаў на польскія консульскія службы і на падтрымку сірыйскіх бежанцаў. Ён пры гэтым падкрэсліў, што польскі ўрад з’яўляецца не ўладальнікам „Белсата”, а толькі адным з донараў, і тэлеканал мае магчымасць шукаць іншыя крыніцы фінансавання.

Вашчыкоўскі таксама заяўляў пра „дамоўленасці з беларусамі, што яны распаўсюдзяць на тэрыторыі Беларусі тэлебачанне „Polonia Культура”.

3 студзеня намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Шыманскі ў інтэрв’ю радыёстанцыі Polskie Radio 24 заявіў, што скарачэнне фінансавання тэлеканала „Белсат” не звязанае з палітыкай, а лёс тэлеканала не з’яўляецца прадметам гандлю з беларускімі ўладамі.

Спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал „Белсат” вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя „Белсата” размяшчаецца ў Варшаве.

belapan.by