Дыялог з Менскам не можа абмінаць каштоўнасцяў
10 красавіка ў Менск мае прыехаць група польскіх дэпутатаў. Польскія парламентарыі плануюць сустрэцца з чальцамі Палаты Прадстаўнікоў. Былы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітальд Юраш спадзяецца, што дэпутаты падчас свайго візіту заклічуць да вызвалення палітвязняў:
– Ненайлепшы тэрмін на гэты момант. Я заўсёды быў прыхільнікам дыялогу. Але, вядома, гэты дыялог не можа абмінуць пытанняў каштоўнасцей, пра якія варта было б Адаму Андрушкевічу і іншым закрануць. Я спадзяюся, што нашы паслы вылучацца разважлівасцю, палітычнай інтуіцыяй і папросту заклічуць вызваліць гэтых людзей.
У той жа час палітолаг Павел Усаў лічыць, што візіт польскіх дэпутатаў у гэты момант не мае ніякага сэнсу. Польшча няздольная адцягнуць Беларусь ад Расеі, таксама Варшава не пераканае ўлады ў Беларусі не праводзіць вучэнняў “Запад-2017”, гаворыць палітолаг:
– Беларускі бок, безумоўна, можа гэта выкарыстаць і будзе выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах. Ніякіх рэальных практычных матываў у гэтым дыялогу і перадусім нейкіх знешнепалітычных профітаў для кіруючай партыі, Польшчы няма.
Нагадаем, што сярод групы візіцёраў не будзе дэпутатаў ані ад кіроўнай партыі “Права і Справядлівасць”, ані ад найвялікшай апазіцыйнай партыі “Грамадзянская Платформа”. Тым не менш, дзяржаўная прапаганда і так выдасць гэты візіт за вялікі поспех Лукашэнкі, перакананыя эксперты.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава