Дзе ў Гародні дазволена перадвыбарчая агітацыя?
У Гародні стала вядома, дзе нельга праводзіць перадвыбарчую агітацыю і сустрэчу з выбарцамі кандыдатам у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў. У акруговых выбарчых камісіях абвесцілі, што для кандыдатаў у дэпутаты дазволены школы як пляцоўкі для арганізацыі сустрэчаў з выбарцамі, а таксама паўсюль, дзе не забаронена, ад восьмай раніцы да восьмай вечара. Але забароненых месцаў засталося шмат. Кажа назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэта Раман Юргель.
– Забаронена праводзіць сустрэчы з выбарцамі ў месцах, якія бліжэй за 50 метраў ад органаў выканаўчай улады, судоў, пракуратуры, чыгуначнага і аўтавакзала, на плошчы Леніна, на Савецкай плошчы. Напрыклад, Савецкая – гэта самае люднае месца, дзе шмат чалавек магло б азнаёміцца з агітацыяй. Таксама ўся агітацыя будзе размешчана на тумбах Гародні. На мінулых выбарах часта заклейвалі выбарчую агітацыю. Паглядзім, як сёлета ўсё гэта будзе праходзіць.
Для параўнання, у краінах з развітай дэмакратыяй месцы для правядзення агітацыйных сходаў кандыдатаў і сустрэчаў з выбарцамі не рэгламентаваны.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня