Дзейны старшыня АБСЕ падтрымала заяву БДІПЧ па сітуацыі ў Беларусі



Дзейны старшыня арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, міністр замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ падтрымала апублікаваную 6 красавіка заяву дырэктара Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Матэа Мекачы аб сітуацыі ў Беларусі.

„Падзяляю заклапочанасць БДІПЧ АБСЕ сітуацыяй у Беларусі. Заклікаю Беларусь найлепшым чынам выкарыстаць прапанову БДІПЧ аб абмене досведам і інструментарыем на карысць усіх грамадзян”, — напісала Ліндэ на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

Мекачы ў сваёй заяве адзначыў, што шматлікія паведамленні пра крымінальныя абвінавачанні, адміністрацыйныя затрыманні, запалохванні і пераслед беларускіх грамадзян і праваабаронцаў, якія паступілі ў апошнія месяцы, выклікаюць значную заклапочанасць.

„Я ўстрывожаны адсутнасцю расследавання многіх заяў аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання і беспакаранасцю вінаватых, нягледзячы на тысячы скаргаў, пададзеных меркаванымі ахвярамі, — заявіў дырэктар БДІПЧ. — У той жа час я хацеў бы падкрэсліць, што мы па-ранейшаму гатовыя дапамагчы Беларусі ў павышэнні павагі да правоў чалавека і ва ўмацаванні дэмакратычных інстытутаў у адпаведнасці з узятымі краінай абавязацельствамі, напрыклад, шляхам маніторынгу судовых працэсаў і перагляду заканадаўства”.

Мекачы нагадаў беларускім уладам аб іх міжнародных абавязацельствах, у тым ліку ў рамках АБСЕ, па выкананні правоў чалавека і захаванні вяршэнства закона, падтрыманні абсалютнай забароны ўсіх формаў катаванняў і іншых жорсткіх і прыніжальных годнасць відаў абыходжання, а таксама па прыцягненні да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека. БДІПЧ гатовае аказаць неабходнае садзейнічанне для дасягнення гэтых мэтаў.

Лідары еўрапейскіх краін неаднаразова заяўлялі пра неабходнасць перамоў пад эгідай АБСЕ для выхаду Беларусі з вострага палітычнага крызісу, што ўзнік пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года. Аляксандр Лукашэнка, які лічыць сябе законна абраным прэзідэнтам, адмаўляецца ад перамоў з дэмакратычнымі сіламі на чале з яго асноўным апанентам Святланай Ціханоўскай.

belapan.by