Спробы абяліць злачынствы сталінскай улады недапушчыльныя



Але яны працягваюцца ў сучаснай беларускай дзяржаве, – гаворыць гісторык Ігар Кузняцоў. Пра гэта ён сказаў, выступаючы на брыфінгу, прысвечаным дню памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Напярэдадні я воляй-няволей апынуўся ўдзельнікам праграмы дзяржаўнага тэлебачання. І там пачуў такія заявы, якія нават не чуў у савецкі час. У прыватнасці два тэзісы пра тое, як можна абвінавачваць сталінскі рэжым у злачынствах – не было Нюрнбергу-2, значыць гэта паклёп на савецкі строй.

Ігар Кузняцоў разглядае як выклік грамадству правядзенне ў Менску з 31 кастрычніка па 2 лістапада такзванага XXXV з’езду саюзу камуністычных партыяў – камуністычнай партыі Савецкага Саюзу. Праводзіць гэтае мерапрыемства тады, калі ў Беларусі грамадскасць, хай і не афіцыйна, адзначае дзень памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій і дзень памяці продкаў „Дзяды” з традыцыйным шэсцем да мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій Курапаты — гэта здзек і правакацыя, – лічыць Кузняцоў.

Грамадскасць Беларусі 29 кастрычніка адзначае дзень ахвяраў камуністычных рэпрэсій.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Як нагадала на адмысловым брыфінгу каардынатар грамадскай кампаніі „За ўратаванне Курапатаў” Ганна Шапуцька, дзень прымеркаваны да даты растрэлу больш чым 100 беларускіх дзеячоў культуры і навукі, які адбыўся ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Адбываецца шмат розных мерапрыемстваў, сярод іх – адкрыццё Крыжовай алеі з заходняга боку Курапатаў. 

Ганна Шапуцька спадзяецца, што мемарыяльныя мерапрыемствы пройдуць не толькі ў Курапатах, але і ў іншых месцах пахавання ахвяраў масавых рэпрэсій. А такіх месцаў у Беларусі шмат.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі. 29 кастрычніка ў 1937 годзе, супрацоўнікі НКВД забілі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

„Гэты дзень нельга забыць“, – кажа старшыня руху салідарнасці “Разам” – Вячаслаў Сіўчык:

 – Мы не мусім забываць пра тую жахлівую ноч з 29 на 30-на кастрычніка 1937 года, калі толькі ў Менску было расстраляна больш за 100 чалавек – прадстаўнікоў беларускай эліты. І рэпрэсіі адбываліся паўсюдна, на жаль. 

У Курапатах, Лошыцы, Трасцянцы ды іншых месцах масавых расстрэлаў праходзяць акцыі ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму. У Менску ўрачыстасці пачынаюцца з брыфінгу на сядзібе Партыі БНФ, – кажа Ганна Шапуцька з ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла Курапаты»:

 – Пасля брыфінгу мы паедзем па месцах расстрэлаў, пасля а 17-ай гадзіне збіраемся на Курапатах. Гэтае месца стала знакавым і стмвалічынм для ўшанавання памяці ўсіх ахвяяр камуністычных рэпрэсій у Беларусі. 

Ганна Шапуцька заклікае неабыякавых людзей далучыцца да мерапрыемстваў ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а таксама прыйсці ў Курапаты. Тут а 17-ай гадзіне адбудзецца адкрыццё і асвячэнне Крыжовага шляху з заходняга боку мемарыялу.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя