Дзень памяці герояў Слуцкага збройнага чыну (абноўлена)
94 гады таму адкрыўся Слуцкі фронт Беларускай Народнай Рэспублікі супраць расейскага бальшавізму. Тэмай герояў шмат гадоў займаецца рэжысёр Валеры Мазынскі. Паводле яго, не толькі Слуцк ды Паўночная Беларусь праявілі сябе ў ХХ стагоддзі як крыніцы, дзе нараджаліся героі Бацькаўшчыны. Нязломных дзеячоў на ніве беларушчыны Валеры Мазынскі зафіксаваў вялікую колькасць і на Гарадзеншчыне:
– Канешне, ёсць. Адназначна. Нават не ў мястэчках, а простых вёсачках. У маім архіве ўжо даволі шмат запісана вязняў сумлення, якія пасля вайны адсядзелі свае гады за беларускасць, за тое, што мелі мужнасць выказваць свае думкі. Гэта прэрагатыва не толькі вялікага горада. Хоць многія старыя людзі яшчэ дзецьмі былі вывезены ў вялікія гарады, там іх і можна знайсці.
Валеры Мазынскі за апошні час выпусціў два поўнаметражныя дакументальныя фільмы пра антыбальшавіцкі супраціў: “Як Пошуг маланкі” пра Расціслава Лапіцкага ды “Глыбоцкая змова” пра моладзь, якая была асуджана за любоў да Беларусі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
“Памятайма ўсіх нашых продкаў, якія баранілі наш край”. З нагоды чарговых угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў з традыцыйным віншавальным зваротам.
“Памятайма з удзячнасцю ўсіх нашых продкаў, якія на працягу нашае гісторыі баранілі наш край. Дзякуючы іхняй мужнасці мы яшчэ жывем і ведаем, хто мы”, – адзначае Івонка Сурвіла.
* * *
Сярод тых, хто дапамагаў Слуцкаму паўстанню, былі і выхадцы з Падляшша. Між іншымі, ураджэнец Гарадка Мікола Дзямідаў і Уладзіслаў Казлоўскі з Залесся пад Новым Дваром, расказвае прафесар Алег Латышонак:
– У апошняй спробе арганізаваць армію пад камандаваннем генерала Станіслава Булак-Балаховіча, Дзямідаў стаў на чале батальёну, у якім афіцэрамі былі Казлоўскі і Кастыцэвіч. Яны з гэтай арміяй дайшлі да Дняпра і пасля адступлення цэлай арміі засталіся на савецкім баку фронта і далей змагаліся. Нават спрабавалі дапамагчы Слуцкаму паўстанню. І нават калі было падаўлена Слуцкае паўстанне, яны яшчэ там заставаліся.
“Адступілі апошнімі і гэта для нас вялікі гонар”, – дадае Алег Латышонак. 27-га лістапада 1920 году адбыўся першы бой Слуцкай брыгады стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі з бальшавікамі за незалежнасць краіны. Цяпер дэмакратычная грамадскасць краіны, а таксама шматлікія беларусы замежжа, адзначаюць гэты дзень як Дзень Герояў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Сёння беларусы ва ўсім свеце адзначаюць нацыянальнае свята – Дзень Герояў. Яго заснавалі беларускія эміграцыйныя і патрыятычныя колы ў 1980 годзе ў гонар Слуцкага Збройнага Чыну – антыбальшавіцкага паўстання ў лістападзе і снежні 1920 года. Паводле гісторыка з Гародні прафесара Алеся Краўцэвіча, гэта самае галоўнае змаганне беларусаў за сваю незалежнасць, нават больш важнае, чым вызвольнае паўстанне 1863-64 гадоў:
– Паўстанне Кастуся Каліноўскага адбылося ў 19 стагоддзі і яно не ставіла сваёй мэтай стварэнне Незалежнай Беларускай дзяржавы. Чым Слуцкі збройны чын важны – змагары-паўстанцы свядома жадалі будаваць Беларускую дзяржаву. Гэта былі нацыянальныя героі. Не этнічныя, народныя героі – змагары за бедных супраць багатых. Гэта былі змагары за канкрэтную Беларускую дзяржаву. І ў гэтым іхная веліч.
У Слуцкім паўстанні ваявала нават да дзесяці тысяч жаўнераў. Цягам амаль двух месяцаў яны паспяхова абараняліся ад наступаючай на гэтую частку Беларусі Чырвонай Арміі. Цяпер у Беларусі гэты дзень не з’яўляецца афіцыйным святам, затое ўдзельнікам патрыятычных урачыстасцяў пагражаюць пакаранні.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота attachments-blog.tut.by і zbsb.org