Дзень Волі – 2017: арганізатары падалі паўторную заяўку



Новая заяўка на правядзенне Дня Волі пададзеная ў Менгарвыканкам. Першую заяўку, як сцвярджаюць яе падпісанты, чыноўнікі менскага выканкаму згубілі. Па словах старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, прычына таго, што заяўка на правядзенне Дня Волі нібыта знікла, у тым, што яна была пададзена дастаткова загадзя да даты правядзення мерапрыемства:

– Мінуў месяц, які адводзіцца на разгляд зваротаў грамадзян, і так ці інакш ім трэба было даваць нейкі адказ. Так як, хутчэй за ўсё, у іх пакуль няма рашэння ці дазваляць акцыю ў такім фармаце, які мы дасылалі, ці ўвогуле яе дазваляць, ці зрабіць у гэтым годзе ўсё магчымае, каб яна адбылася як несанкцыянаваная, то яны вырашылі пацягнуць час. Адзіная магчымасць пацягнуць час – гэта нібыта згубіць дакумент, каб адкласці яшчэ на месяц гэтае рашэнне бліжэй ужо да сакавіка.

Новая заяўка на правядзенне Дня Волі ў Менску цалкам падобная да папярэдняй. Яна падпісана прадстаўнікамі асноўных дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі: Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Руху „За свабоду”, Руху салідарнасці „Разам”.

Таксама сябры аргкамітэту па правядзенні Дня Волі маюць намер сустрэцца са старшынём гарвыканкама Менска Андрэем Шорацам, аб чым падалі заяву у Менгарвыканкам.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск