Дзень яднання – свята ці пагроза суверэнітэту?
2 красавіка 1996 года ў Маскве падпісалі Дамову пра саюз Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі. А ўжо ў наступным годзе была падпісана Дамова аб стварэнні Саюзу Беларусі і Расеі. Гэтае пытанне мы абмеркавалі з палітычным аглядальнікам Паўлюком Быкоўскім.
РР: Менск да гэтай даты вельмі рыхтуецца. На вуліцах вывесілі расейскія сцягі. Ці ёсць для беларусаў пазітыўныя аспекты, каб адзначаць гэтую гадавіну?
Паўлюк Быкоўскі: Я думаю, што ўсё залежыць ад таго, з якога пункту гледжання падыходзіць да гэтага. Ёсць беларусы, для якіх гэта – ўрачыстая падзея, а ёсць беларусы, для якіх гэта выглядае як пагроза суверэнітэту Беларусі. Для першых гэта звязана з тым, што калісьці ў нас была адзіная дзяржава, і тое, што зараз адбываецца, выглядае як рэінтэграцыя, вяртанне былога СССР. У нас, напрыклад, адсутнічае мяжа з Расеяй. Ёсць толькі адміністрацыйная, а няма дзяржаўнай, якую б ахоўвалі памежнікі. Для многіх гэта выглядае як станоўчы крок. Таксама беларусы ў Расеі маюць дастаткова вялікія правы і для працаўладкавання ўсё гэта вельмі спрыяльна.
Але ўсё гэта мае і адмоўныя бакі. Бо мы пазбаўляемся магчымасці прымаць самастойныя рашэнні. Мы мусім узгадняць з Расеяй шмат якія пытанні, звязаныя з мытамі, з тым, каго пускаць на сваю тэрыторыю, каго – не, у нас агульныя “чорныя спісы” і так далей. Больш за тое, адсутнасць мяжы з Расеяй у нас стварае праблемы з тым, каб больш празрыстай была мяжа з Захадам. Усё гэта неадназначныя з’явы. Але я не думаю, што ўсур’ёз шмат хто з беларусаў святкуе 2 красавіка. І гэта не стала тым святам, якое ў сям’і рэальна адзначаецца.
Тое, што зараз Менск урачыста ўпрыгожылі расейскімі сцягамі, вельмі дзіўна, бо раней яго ўпрыгожвалі двума сцягамі – расейскім і беларускім. Тое, што сёння можна назіраць на вуліцах, крыху не ўкладаецца ў разуменне таго, што гэта свята дружбы двух народаў.
РР: Сярод усіх плюсаў ад саюзу, якія ёсць найважнейшыя?
Паўлюк Быкоўскі: Самы вялікі плюс у тым, што я сёння магу свабодна ехаць у Смаленск, у Пецярбург ці Масквку і мне не трэба візы. Я магу працаўладкавацца ў Расеі, калі мне гэта патрэбна, магу вучыцца ў Расеі. Але разам з тым, шмат хто з беларусаў ведае, што з такім жа посьпехам можна вучыцца ў Германіі, дзе адукацыя бясплатная, трэба толькі ведаць нямецкую мову. Мы проста менш ведаем пра тое, што адбываецца за заходняй мяжой. Магчымасцяў весці бізнес ці атрымаць працу там не менш, але іх атрымаць складаней. Трэба ведаць замежную мову і атрымаць візу.
РР: Трэба заўважыць, што Беларусь па-ранешаму жыве ў прасторы “рускага свету”. Ці можам мы сказаць, што беларускае стаўленне да Расеі змянілася ў сувязі з падзеямі ва Украіне?
Паўлюк Быкоўскі: Калі паглядзець сацыялагічныя апытанні, то спачатку была вялікая падтрымка Расеі ў час падзей у Крыме, была падтрымка “нябачнай рукі Расеі” на Данбасе. Але падтрымка зменшылася, калі з’явілася больш інфармацыі пра гэтыя падзеі, пра ахвяры. І частка беларусаў перагледзела сваё стаўленне. А што тычыцца т.зв. “рускага свету”, то тут ёсць шмат складанасцяў. Адна з іх звязана з той адукацыяй, якую людзі атрымлівалі, і тым светаўспрыняццем, якое было ўкладзена ў галаву яшчэ ў школе. Беларусы глядзяць на беларускую гісторыю з пункту гледжання расейскіх гісторыкаў. І гэта вельмі складана пераламіць. Але гэта больш характэрна для сталых людзей. Што тычыцца моладзі, то зараз інтэрнэт дае магчымасць даведацца тое, чаго няма ў школьнай праграме. Але гэта доўгі працэс.
РР: Беларусь таксама эканамічна вельмі залежыць ад Расеі.
Паўлюк Быкоўскі: Сапраўды, уся беларуская індустрыя завязаная на расейскую – на яе карысныя выкапні, на расейскі рынак. Але, калі паглядзець на тое, што адбываецца ў заходнім свеце, то ўжо гавораць пра постіндустрыяльнае грамадства, пра тое, што ёсць іншая хваля эканомікі – эканоміка ведаў. І ў той парадыгме ўжо не так важна ці ёсць у Беларусі дастатковая колькасць карысных выкапняў.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле