Дзесяць беларусаў звярнуліся ў Федэральную пракуратуру Германіі з заявай на Лукашэнку
Нямецкія адвакаты ад імя дзесяці беларусаў звярнуліся ў Федэральную пракуратуру Нямеччыны, заявіўшы пра ўчыненне Аляксандрам Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасці, піша DW.
Чатыры нямецкія адвакаты звярнуліся ў Федэральную пракуратуру ў Карлсруэ ў сувязі з ужываннем гвалту ў дачыненні да мірных жыхароў Беларусі на фоне мірных пратэстаў, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.
Адвакаты падкрэслілі, што ў Беларусі ні Лукашэнку, ні супрацоўнікам яго сілавых ведамстваў не пагражаюць прававыя наступствы празмернага прымянення сілы і катаванняў затрыманых грамадзян. У сувязі з гэтым яны заклікалі Германію правесці незалежнае расследаванне такіх злачынстваў. Пры гэтым адвакаты спаслаліся на так званую ўніверсальную юрысдыкцыю, якая прадугледжвае магчымасць прыцягнення да крымінальнай адказнасці за злачынствы, забароненыя міжнародным правам і здзейсненыя ў іншых дзяржавах.
Беларускае Радыё Рацыя