Дзевяць дзяржаў НАТА падтрымалі сяброўства Украіны і заклікалі павялічыць ёй вайсковую дапамогу
Прэзідэнты дзевяці краін Паўночнаатлантычнага альянсу з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы апублікавалі сумесную заяву, у якой асудзілі анексію Расеяй украінскіх тэрыторый і заклікалі НАТА істотна павялічыць вайсковую дапамогу Украіне. У заяве зазначаецца, што прэзідэнты васьмі дзяржаў НАТА былі ў Кіеве ўжо падчас поўнамаштабнай вайны і «на свае вочы ўбачылі наступствы расейскай агрэсіі».
Таксама лідары дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы выказалі цвёрдую падтрымку рашэнню Бухарэсцкага саміту НАТА 2008 года адносна будучага сяброўства Украіны ў Альянсе.
«Усе, хто ўчыняе злачынствы агрэсіі, павінны быць прыцягнуты да адказнасці і паўстаць перад судом», — падагульняецца ў заяве. Яе падпісалі прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан, прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс, прэзідэнт Латвіі Эгілс Левіц, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзідэнт Паўночнай Македоніі Стэва Пендароўскі, прэзідэнт Чарнагорыі Міла Джуканавіч, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс і прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутава.
Беларускае Радыё Рацыя