Джо Байдэн 20 студзеня ўступіць на пасаду прэзідэнта ЗША
Сёння пройдзе інаўгурацыя 46-га прэзідэнта ЗША. Уступіць на пасаду Джозэф Байдэн. Цырымонія адбудзецца ў Вашынгтоне апоўдні па мясцовым часе. У Менску будзе восем гадзін вечара.
Незадоўга да гэтага прысягу прынясе віцэ-прэзідэнт Камала Харыс. Пасля інаўгурацыі Байдэн выступіць з праграмным зваротам з прыступак Капітолія, паведамляе REFORM.by.
Адыходзячы прэзідэнт Дональд Трамп мае намер за чатыры гадзіны да інаўгурацыі Байдэна паляцець з Вашынгтона ў Фларыду. Раней Трамп заяўляў, што не збіраецца прысутнічаць на цырымоніі. Пасля штурму Капітолія прыхільнікамі Трампа ў дзень зацвярджэння Кангрэсам вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 6 студзеня ў Вашынгтоне прымаюцца ўзмоцненыя меры бяспекі.
Фота: AFP