Джо Байдэн у Польшчы (абноўлена)



Джо Байдэн выступіў перад жыхарамі Варшавы. Ля прэзідэнцкага палацу ў Варшаве  сабраўся натоўп людзей са сцягамі Польшчы, ЗША і Украіны паслухаць  гістарычную прамову прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

“Мы аб’ядналіся і будзем стаяць побач з Украінай да канца. Да перамогі”, сказаў Байдэн:

-Усе дэмакратыі прайшлі выпрабаванне – ці будзем мы моцнымі, ці будзем выступаць разам як саюзнікі. Праз год мы ведаем адказ. Мы моцныя, адзіныя, і свет не адвернецца ад Украіны!

У сваёй прамове Байдэн заявіў, што Расея ніколі ня здолее перамагчы ва Украіне. Ён паабяцаў Украіне працяг падтрымкі зброяй, а таксама эканамічнай і гуманітарнай падтрымкі з боку кааліцыі на чале з ЗША. Прэзідэнт ЗША заявіў, што Расея заплаціць вялікую цану за ваенныя злачынствы, у тым ліку ўдары па цывільных аб’ектах і выкраданне дзяцей. Ён таксама адзначыў, што расейскае кіраўніцтва не здолела дасягнуць тых мэтаў, якія ставіла перад маштабным уварваннем ва Украіну. Байдэн назваў «святой клятвай» абавязанне NATO абараняць любую з краінаў альянсу ў выпадку нападу звонку. «Напад на аднаго — гэта напад на ўсіх».

У сваёй прамове Байдэн таксама згадаў народ Беларусі, які працягвае змагацца за дэмакратыю:

Напярэдадні Джо Байдэн наведаў Кіеў, адкуль прыбыў у Варшаву на аўтамабілі.

* * *

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн знаходзіцца з візітам у Варшаве.  Прэзідэнта ЗША сустрэў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Прайшлі перамовы прэзідэнтаў у фармаце «сам-насам» і перамовы ў складзе дэлегацыяў. Чакаецца, што ў 17:30 амерыканскі лідар выступіць з прамовай перад жыхарамі польскай сталіцы.

Падчас перамоваў «сам-насам» Анджэй Дуда найперш падзякаваў Джо Байдэну за візіт ва Украіну, назваўшы гэта эфектным ходам, які падняў баявы дух украінцаў. Таксама польскі прэзідэнт адзначыў, што візіт прэзідэнта ЗША ў Польшчу зʼяўляецца важным знакам бяспекі і сігналам аб адказнасці ЗША за бяспеку свету і Еўропы, «Амерыка можа захаваць сусветны парадак».

У сваю чаргу, Джо Байдэн заявіў, што Польшча патрэбная ЗША, гэтак жа як і ЗША патрэбныя Польшчы; супольная падтрымка Украіне непахісная. Таксама, амерыканскі лідар падзякаваў Польшчы і палякам за дапамогу Украіне, «гэта было незвычайна». Адна з важнейшых сумесных мэтаў ЗША і Польшчы – бяспека ў Еўропе.

Фота: prezydent.pl

* * *

Джо Байдэн ужо ў Польшчы. У панядзелак вечарам ён прыехаў з Кіева ў Варшаву. Канцылярыя прэзідэнта Польшчы апублікавала праграму візіту амерыканскага прэзідэнта. У аўторак а 13-й гадзіне Анджэй Дуда і Джо Байдэн сустракаюцца ў Прэзыдэнцкім палацы.

Пазней а 17.30 Байдэн выступіць з прамовай перад польскім народам у садах Каралеўскага замка. Пра ролю Польшчы на міжнароднай арэне выказалася – палітолаг, дацэнтка, кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава:

Ён быў нечаканым, бо не было ніякіх паведамленняў і гэта зразумела, што сыходзячы з бяспекі было так зроблена. Я зараз паглядзела, якія былі каментары напярэдадні візіту Байдэна ў Польшчу, бо быў анансаваны візіт у Польшчу. У прыватнасці ў „Камерсанце” быў цікавы артыкул, які называўся „Польшча, але не далей”. Атрымалася не так, як пісалі.

Я думаю, што візіт планаваўся даўно, гэта далёка не супадзенне, што адбываецца напярэдадні гадавіны пачатку вайны. Самае галоўнае, што напярэдадні звароту Пуціна, калі ён звяртаецца да народу. У Крамлі і вакол Крамля назіральнікі ўжо робяць намёкі на тое, што зварот будзе нават больш жорсткім і радыкальным, чым планавалася.

Што датычыць Польшчы, то Польшчы адводзіцца асаблівая роля ў гэтай гісторыі. Усе звяртаюць увагу на збліжэнне Злучаных Штатаў Амерыкі з Польшчай. Гэта другі візіт у Польшчу Байдэна. Польшча мае вельмі важнае значэнне транспартнага калідора для прадстаўлення амерыканскага ўзбраення.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Учора прэзідэнт ЗША здзейсніў нечаканы візіт у Кіеў. Як паведамляюць СМІ – графік візіту Джо Байдэна ў Польшчу, спецыяльна звярстаны так, каб яго выступ у цэнтры Варшавы пачынаўся пасля заканчэння пуцінскага паслання. А 21 лютага таксама плануецца, што Уладзімір Пуцін у ходзе паслання Федэральнаму сход агучыць важныя планы паводле вайны ва Украіне, як яе называюць у Расеі – „спецыяльнай ваеннай аперацыі”.

Беларускае Радыё Рацыя