Джо Байдэн зноў выступіў з рэзкай крытыкай Лукашэнкі



З рэзкай крытыкай беларускіх уладаў і Аляксандра Лукашэнкі выступіў кандыдат на пасаду прэзідэнта ЗША, віцэ-прэзідэнт краіны ў 2009—2017 гадах Джо Байдэн.

„Больш за два месяцы народ Беларусі мірна пратэстуе, патрабуючы пакласці канец жорсткай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Рэжым Лукашэнкі адказаў кулямі, святлошумавымі гранатамі, масавымі затрыманнямі і катаваннямі”, — адзначаецца ў заяве.

Паводле слоў Байдэна, нягледзячы на рэпрэсіі, працоўныя па ўсёй Беларусі пачалі нацыянальную ўсеагульную забастоўку, каб прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад улады. „Хоць прэзідэнт Трамп адмаўляецца выступаць ад іх імя, я працягваю быць з народам Беларусі і падтрымліваю яго дэмакратычныя памкненні. Я таксама асуджаю абуральныя парушэнні правоў чалавека, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі”, — падкрэсліў кандыдат у прэзідэнты ЗША.

„Ні адзін лідар, які мучыць свой уласны народ, не можа прэтэндаваць на легітымнасць, — лічыць Байдэн. — Вось чаму міжнародная супольнасць павінна значна ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да паслугачоў Лукашэнкі і замарозіць афшорныя рахункі, на якіх яны захоўваюць выкрадзенае багацце”.

У выпадку перамогі на выбарах Байдэн, паводле яго слоў, мае намер разам з еўрапейскімі партнёрамі і саюзнікамі распрацаваць план эканамічнай падтрымкі „сапраўды суверэннай дэмакратычнай Беларусі”. „Да таго часу я працягну далучацца да заклікаў Святланы Ціханоўскай і народа Беларусі мірна перадаць уладу, вызваліць усіх палітвязняў, правесці свабодныя і справядлівыя выбары, каб беларускі народ нарэшце змог рэалізаваць свае дэмакратычныя правы, за якія ён шмат чым ахвяраваў”, — запэўніў амерыканскі палітык.

25 верасня ён выступіў з заявай адносна інаўгурацыі Лукашэнкі і раскрытыкаваў Трампа за адсутнасць пазіцыі па сітуацыі ў Беларусі. „Прэзідэнт, які хаваецца ў страху ад уласных грамадзян, які адмаўляецца прыняць волю народа, — прыкмета слабага, нелегітымнага самадзержца, а не моцнага лідара. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага”, — адзначыў Байдэн.

Выбары прэзідэнта ЗША адбудуцца 3 лістапада. У іх удзельнічаюць цяперашні кіраўнік дзяржавы Дональд Трамп, які балатуецца на другі тэрмін ад Рэспубліканскай партыі, і прадстаўнік Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн.

belapan.by