Джулі Фішэр і Марцін Пшыдач заявілі пра недапушчальнасць гвалту
Сітуацыю ў Беларусі абмеркавалі прызначаны пасол ЗША ў Менску Джулі Фішэр і намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач. „Пасол Фішэр падкрэсліла, што ЗША занепакоеныя працягам парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод беларускага народа з боку рэжыму Лукашэнкі”, — паведаміла амерыканскае дыппрадстаўніцтва.
„Рады пазнаёміцца з паслом Джулі Фішэр. Гэта было карыснае абмеркаванне апошніх падзей у Беларусі. І Польшча, і ЗША згодныя з тым, што акты гвалту ў дачыненні да беларусаў, якія назіраліся ў апошнія месяцы, недапушчальныя. Беларусь вельмі важная для ўсіх нас”, — напісаў Пшыдач на сваёй старонцы ў „Твітэры”.
Раней прэс-служба пасольства ЗША ў Менску паведаміла, што з 1 па 8 лютага Фішэр наведае некалькі еўрапейскіх гарадоў. „У рамках бягучых кансультацый прызначаны пасол Фішэр сустрэнецца з партнёрамі з урадаў, навуковых колаў і грамадзянскай супольнасці для абмеркавання намаганняў, якія яны робяць, а таксама шляхоў сумеснай працы для падтрымкі імкненняў беларускага народа да захавання суверэнітэту і незалежнасці, а таксама ўмацавання дэмакратыі і павышэння дабрабыту”, — адзначалася ў рэлізе.
15 снежня 2020 года сенат кангрэса ЗША зацвердзіў кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду пасла ў Беларусі. 24 снежня яна прынесла прысягу ў якасці кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва. Дата прыбыцця новага пасла ЗША ў Беларусь пакуль не называецца.
У канцы студзеня Атлантычны савет прадставіў даклад „Байдэн і Беларусь: стратэгія для новай адміністрацыі”, у якім змешчаны шэраг рэкамендацый для новага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна па стратэгіі адносінаў з Беларуссю. У прыватнасці дадзена рэкамендацыя адносна дзеянняў новага пасла ЗША ў Беларусі.
„Злучаныя Штаты павінны называць Лукашэнку былым прэзідэнтам Беларусі. Пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр павінна заняць свой пост у Менску і наведаць Вільнюс па меры неабходнасці, але не ўручаць Лукашэнку свае даверчыя граматы”, — гаворыцца ў дакладзе.