Джулі Фішэр сустрэлася з Паўлам Латушкам і актывістамі штабу Бабарыкі



Прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр правяла напярэдадні ў Вільні дзве сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці.

Яна сустрэлася з кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўлам Латушкам і актывістамі са штаба Віктара Бабарыкі, прадстаўнікамі аргкамітэта партыі „Разам” Іванам Краўцовым, Антонам Раднянковым і Таццянай Хоміч. На сустрэчах ішла гаворка пра сітуацыю ў Беларусі і магчымыя сцэнары вырашэння палітычнага крызісу.

„Амбасадар Злучаных Штатаў Амерыкі запэўніла, што міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі будзе ўзмацняцца, пакуль у Беларусі будуць працягвацца рэпрэсіі, а дыктатар будзе ў сваіх мэтах гандляваць незалежнасцю і суверэнітэтам краіны”, гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным па выніках сустрэчы ў телеграм-канале кіраўніка НАУ.

У штабе Віктара Бабарыка распавялі, што падчас сустрэчы абмяркоўваліся таксама тэмы будучых перамоў паміж уладай і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Беларускае Радыё Рацыя