Дзірк Шубель: Спадзяюся, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўводзіць не давядзецца



Кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ ў Беларусі Дзірк Шубель спадзяецца, што санкцыі з-за наяўнасці палітвязняў у дачыненні да Беларусі ўводзіць не давядзецца. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанне БелаПАН.

13 ліпеня Шубель узяў удзел у цырымоніі перадачы сродкаў індывідуальнай абароны, закупленых Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя на грошы ЕЗ, для лекараў Менскай вобласці.

„Санкцыі — гэта пытанне ўсіх краін Еўразвяза, мы будзем абмяркоўваць у залежнасці ад сітуацыі. Мы спадзяемся, што нам не будзе неабходнасці гэта рабіць”, — сказаў Шубель.

Ён зазначыў, што бакам удалося зрабіць многае на працягу апошніх пяці гадоў. „Мы былі рады, што ў вас пяць гадоў не было палітычных зняволеных. Гэта быў важны крок, мы шмат зрабілі разам, стварылі структуры, якіх раней не было. Мы вялі перамовы з нагоды заключэння дагавора аб партнёрстве і супрацоўніцтве, які ў прынцыпе гатовы. У нас дыялог у многіх сферах. ЕБРР і Еўрапейскі інвестыцыйны банк паспяхова працуюць у вашай краіне”, — адзначыў дыпламат.

„Мы гатовыя ісці далей, але ёсць адно вялікае але. Гэта сітуацыя адносна правоў чалавека і дэмакратыі ў вашай краіне, асабліва ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў. Мы ясна патлумачылі, што мы чакаем ад кіраўніцтва краіны”, — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза.

Ён нагадаў пра сумесную заяву паслоў ЕЗ, ЗША і Вялікабрытаніі ад 2 чэрвеня. „На жаль, не было рэакцыі, як мы чакалі. Нам было неабходна рэагаваць зноў, і 19 чэрвеня была заява спадара Барэля (вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. — БелаПАН.) пасля затрымання Віктара Бабарыкі. Таксама была вялікая дыскусія ў Еўрапарламенце на мінулым тыдні. Мы чакаем, што тыя, хто цяпер па палітычных матывах арыштаваныя і знаходзяцца ў турме, будуць неадкладна вызваленыя, каб выбары прайшлі без праблем, аб’ектыўна, каб кандыдатамі ў прэзідэнты сталі тыя, хто сабраў больш за 100 тыс. подпісаў”, — сказаў Шубель.

Ён таксама зазначыў, што АБСЕ чакае запрашэння для назірання за выбарамі. „Спадзяемся, што будзе неадкладнае запрашэнне, таму што часу мала. Калі краіна хоча, каб выбары былі аб’ектыўнымі і было добрае назіранне, то часу [для запрашэння] вельмі мала”, — лічыць кіраўнік прадстаўніцтва ЕС.

Фота: tut.by