Дзмітрыеў: Мірныя перамены – адзіны шлях развіцця для Беларусі



Вынікі выбараў у мясцовыя саветы паказваюць, што беларускія ўлады зрабілі крок назад у палітыцы мірных пераменаў, – лічыць сустаршыня грамадскай кампаніі „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.

– Выбарчая кампанія  скончылася агулам для ўсёй дэмакратычнай супольнасці адсутнасцю de facto кандыдатаў на мясцовым роўні. Галоўнае, што мы хочам сказаць, і гэта для нас відавочна, што ўлады зрабілі крок назад у гэтую мясцовую кампанію ад мірных пераменаў. Апошнія два гады  намацоўваўся палітычны прагрэс, але зараз мы бачым велізарны адкат.

Гэта, безумоўна, вынік рашэння цяперашняга кіраўніцтва краіны. І гэтае рашэнне патрабуе ад нас пэўнай рэакцыі, – сказаў Андрэй Дзмітрыеў.

Па яго словах, нягледзячы на жорсткія дзеяння ўладаў, на крызіс апазіцыі, мы  упэўнены, што мірныя перамены – гэта адзіны сапраўдны шлях развіцця для Беларусі. „Гавары Праўду” будзе і надалей выступаць за гэта і пераконваць грамадства ў іх неабходнасці.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота Сяргея Прохарава