Дзмітрыеў: У прэзідэнцкіх выбарах буду ўдзельнічаць альбо я, альбо Караткевіч
Адзін з кіраўнікоў “Гавары праўду” распавёў, чаму іх арганізацыя не захацела яднацца з “нацыяналістычнымі” арганізацыямі.
Андрэй Дзмітрыеў: “Гавары праўду” дакладна будзе на прэзідэнцкія выбары вылучаць свайго кандыдата. Нацыяналістычная частка апазіцыі вызначылася са сваім удзелам у кампаніі, і рэзка выступае супраць Расеі. А мы будзем прадстаўляць тых, для каго важней перамены ўнутры краіны. Тых, хто ў першую чаргу думае пра адукацыю, ахову здароўя, пра тое, як працаўладкавацца. Я лічу, што інтарэсы гэтых людзей павінны быць прадстаўлены. І наш кандыдат будзе пра гэта казаць у першую чаргу.
РР: Далучыцца да той самай, як вы кажаце, “нацыяналістычнай” апазіцыі і паўдзельнічаць у працэдуры абрання адзінага кандыдата вы не захацелі?
Андрэй Дзмітрыеў: Гэта было абсалютна немагчыма, бо ў нас зусім розныя погляды. Для гэтых структур у прыярытэце – нацыянальнае развіццё, канфлікт з Расеяй. Наш падыход – мірныя перамены і арыентацыя на вырашэнне ўнутраных праблем у Беларусі.
РР: Хто найбольш верагодны кандыдат ад “Гавары праўду”?
Андрэй Дзмітрыеў: Магу сказаць адно: удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі буду альбо я, альбо Таццяна Караткевіч. Гэта будзе ўнутранае рашэнне нашай арганізацыі, магчыма, ужо ў гэтым месяцы мы вызначымся.
РР: Таццяна Караткевіч ужо няўдала паўдзельнічала у прэзідэнцкіх выбарах…
Андрэй Дзмітрыеў: Мы якраз лічым, што яна даволі ўдала паўдзельнічала, бо сабрала досыць вялікую колькасць галасоў за сябе. Па падліках незалежных сацыёлагаў, за Караткевіч прагаласавалі каля мільёна беларусаў. Таксама ўдалося дасягнуць хоць нейкага дыялога з уладай. Таму мы працягнем лінію, якую пачалі ў 2015 годзе.
РР: Для вас мэта ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах – не перамога, а ўдзел?
Андрэй Дзмітрыеў: Мэта для нас, безумоўна, перамога, але перамогі вымяраць можна па-рознаму. Пра гэта мы будзем казаць асобна. Але, натуральна, што перад сабой паставім рэалістычныя задачы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by