Дзмітрый Балкунец: Беларусь учыніла самую дарагую пасадку самалёта ў свеце
Для Беларусі ўведзены новы пакет эканамічных санкцый з боку ЕЗ. Як гэта паўплывае на сітуацыю ўнутры краіны і што ў выніку чакае Лукашэнку?
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – палітолагам, экспертам у сферы беларуска-расейскіх адносінаў Дзмітрыем Балкунцом, пра тое, ці закрануць санкцыі простых беларусаў і чаго баіцца Лукашэнка.
РР: Раскажыце, калі ласка, што вядома, якія санкцыі і якіх памераў уведзеныя для Беларусі з боку Еўропы?
Дзмітрый Балкунец: Па дадзеных на поўдзень панядзелка, 21 чэрвеня, уведзеныя санкцыі ў адносінах шэрагу грамадзянаў і арганізацый Беларусі. Гэта 78 чалавек і 8 арганізацый. Я б адзначыў тут некалькі бізнесменаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Таксама цікава, што ў гэты спіс трапіў Міхаіл Гуцырыеў. Гэта расейскі грамадзянін. Напэўна, гэта першы выпадак, калі пад беларускія санкцыі трапляюць іншаземцы. Тое, што Гуцырыеў апынуўся ў гэтым спісе, – невыпадкова. Гэта дастаткова набліжаны да Лукашэнкі бізнесмен, які доўгія гады атачае яго і ўдзельнічае ў розных праектах, звязаных з сям’ёй Лукашэнкі. Думаю, што гэтыя санкцыі стануць больш адчувальнымі, чым ранейшыя, якія прымаліся з боку Еўрапейскага звязу.
Тры папярэднія пакеты, якія прымала Еўропа, былі абсалютна слабымі, нічога, акрамя ўсмешкі, прынамсі ў мяне, не выклікалі. Вось новыя санкцыі будуць мець большы ўплыў на тыя палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. І я так разумею, што гэта не апошні санкцыйны пакет. Я чакаю, што ў бліжэйшыя дні, гадзіны будуць прынятыя больш пашыраныя санкцыі, у тым ліку сектаральныя санкцыі ў адносінах нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і шэрагу іншых сектараў беларускай эканомікі, якія яшчэ незаяўленыя, а толькі анансаваныя. Таму давайце ўсё ж дачакаемся выніковага спісу, каб можна было б не гадаць, а грунтавацца на фактах і каментаваць.
РР: Калі мы кажам аб прычынах увядзення гэтых санкцый, то ці сапраўды тут спрацаваў эфект захопленага самалёта, як сказаў, напрыклад, Барэль? Ці і без самалёта гэтыя санкцыі былі б уведзеныя?
Дзмітрый Балкунец: Думаю, што самалёт адыграў важную ролю. Гэта, напэўна, стане самай дарагой пасадкай самалёта ў гісторыі сусветнай авіяцыі. Таму што ўсе тыя санкцыі, якія Еўропа і ЗША будуць уводзіць зараз адносна Беларусі, яны будуць мець месца, то страты беларускай эканомікі будуць вылічвацца некалькімі мільярдамі даляраў у год. Таму відавочна, што пасадка самалёта стала трыгерам для Еўропы. Разуменне таго, што Беларусь з’яўляецца сёння тэрарыстычнай дзяржавай, прэвалюе ўжо сярод еўрапейскіх палітыкаў. І тут не мае значэння, хто быў на борце гэтага самалёта. Факт прымусовай пасадкі самалёта і выкарыстанне ваеннай авіяцыі дзеля таго, каб прымусіць самалёт да пасадкі, канешне, адыграла вельмі важную ролю. Еўропа цяпер адзіная ў сваёй мэце дамагчыся любымі метадамі палітычных пераўтварэнняў у Беларусі. А самае галоўнае – сыходу Аляксандра Лукашэнкі з беларускай палітыкі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Дзмітрыя Балкунца