Дзмітрый Балкунец: Гісторыя Чаўшэску – балючая для Лукашэнкі



33 гады таму быў расстраляны камуністычны дыктатар Чаўшэску. Перад гэтым на XIV з’ездзе Кампартыі Румыніі Чаўшэску быў аднагалосна пераабраны на пасаду Генсека. Яму апладзіравалі стоячы 62 разы. Праз месяц яго з жонкай расстралялі каля прыбіральні казармы.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з палітолагам Дзмітрыем Балкунцом, які ў гэтыя дні наведаў палац Чаўшэску ў Бухарэсце, пра тое, якія ўрокі румынскага дыктатара прыдадуцца для Лукашэнкі і наступнага кіраўніка Беларусі, пра што ізноў паехаў дамаўляцца ў Санкт-Пецярбург самаабвешчаны прэзідэнт, і калі можа скончыцца вайна ва Украіне:

– Я быў у доме Чаўшэску, у якім ён пражываў, зараз там яго музей. Гэта прыватны асабняк, у якім ён жыў з 1968 да 1989 года са сваёй жонкай і дзецьмі.

РР: Якія ўрокі з яго гісторыі могуць вынесці Лукашэнка, той жа Пуцін?

– Тое, што адбылося з Чаўшэску, для яго вельмі балючая падзея. Яны ніколі не сустракаліся, але Лукашэнка вельмі часта прыгадваў тыя падзеі. Чаўшэску быў прэзідэнтам Румыніі і быў расстраляны былымі паплечнікамі. Лукашэнка вельмі балюча гэта ўспрымае, таму магчыма штосьці падобнае можа калісьці і паўторыцца. Так ці не пабачым, як гэта будзе.

РР: Як вы лічыце, наколькі глыбока ў Беларусі можа прыжыцца дыктатура?

– Чаўшэску ў першы час быў чалавекам ліберальных поглядаў. Мне здаецца, што ён доўгі час успрымаўся, як ліберал. Потым ён пачаў палітыку знішчэння апанентаў, моцна спецслужбы працавалі ў Румыніі, якая кантралявала ўсё грамадства. Пасля адбыліся змены, але нейкія элементы дыктатуры захаваліся. Сярод іх, эканамічныя праблемы, карупцыя ды іншае. Што датычыць сітуацыі ў Беларусі, то гэта залежыць ад таго, хто прыйдзе да ўлады. Калі гэта будзе чалавек з атачэння Лукашэнкі, то магчыма, што другая палітычная сіла, якая прыйдзе на змену Лукашэнку, яна не будзе настолькі моцная ў дыктатарскім плане. Тут таксама вельмі вялікая роля асобы. Хто б не прыйшоў на змену Лукашэнку, гэта будзе меншае зло.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З „Госцем Рацыі” – палітолагам Дзмітрыем Балкунцом, размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя