Дзмітрый Балкунец: Лукашэнка як ніхто быў зацікаўлены ў паразе «паходу Прыгожына» на Маскву
У Расеі адбылася спроба ваеннага перавароту, які спрабаваў ажыццявіць Яўген Прыгожын і ягоная ВПК «Вагнер». Мяцеж абарваўся амаль гэтак жа нечакана і недарэчна, як і пачаўся. Вядома, што Прыгожына Пуцін накіруе ў Беларусь.
Сітуацыю падчас адпаведнай анлайн-сустрэчы пракаментаваў палітолаг, сябра Форуму дэмакратычных сілаў Дзмітрый Балкунец:
– Тое, што Прыгожыну прапанавалі ўехаць у Беларусь – гэта рашэнне не толькі Лукашэнкі, але, відаць, пажаданне або просьба з боку Крамля, каб пазбыцца яго з Расеі. Гісторыя гэтага суткавага бунту паказала, што ніякіх перашкодаў для ваенізаванай групы дайсці да Масквы няма. Лукашэнка мае шмат такіх «бунтароў», як Прыгожын. У пятніцу ў поўнач самалёт з Менску вылецеў у Турцыю. Ён там правёў цэлыя суткі. Гэта былі канкрэтныя асцярогі ў дыктатара Лукашэнкі. Калі б Пуцін у выніку гэтага бунту зляцеў бы з трону, то час Лукашэнкі, нават ягонага жыцця, ішоў бы вельмі хутка.
Паводле расейскіх СМІ, кампраміс між Пуціным і Прыгожыным дасягнуты пры пасярэдніцтве Лукашэнкі. Паводле дамоўленасці крымінальную справу супраць Прыгожына спыняць, ён сам паедзе ў Беларусь. Дзе зараз сам Прыгожын – невядома.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя