Дзмітрый Балкунец: Нельга дапусціць з’яўлення Лукашэнкі-2



Супраць Святланы Ціханоўскай інтэнсіўна стала весціся кампанія па яе дыскрэдытацыі.

Гэта найбольш ідзе ад прыхільнікаў Зянона Пазьняка. Бо і сам Пазьняк жорстка крытыкуе новых палітыкаў. Пра гэта мы пагаворым з госцем Радыё Рацыя, палітолагам Дзмітрыем Балкунцом.

РР: Зянон Пазьняк увесь час „кідае камяні” у бок новай апазіцыі: Ціханоўскай і яе штабу, у бок таго ж Бабарыкі. Ён лічыць, што гэта прамаскоўская група. Вы згодны з гэтым?

– Па-першае, я вельмі добра і станоўча стаўлюся да Зянона Пазьняка, да яго ролі ў беларускай палітыцы пачатку 90-х. Ён адыграў вельмі важную ролю ў незалежнасці краіны, у тым ліку ён пачаў працэс адраджэння Беларусі і культуры. Але мне здаецца, што тое бачанне, якое ён выказваў у пачатку 90-х, то лічу, што яно не было ўспрынята ў беларускім грамадстве ў той перыяд часу. Тое, што ён зараз выказвае тыя ці іншыя свае меркаванні наконт палітычных дзеячаў у Беларусі. Магчыма ён мае нейкую рацыю, але я з гэтымі тэзамі не згодзен, бо калі такімі метадамі карыстацца і кожнаму нейкае кляймо даваць, то акажацца, што ўсе з’яўляюцца агентамі: ЦРУ, Масада, ФСБ, КДБ. Напрыклад, дачка Віктара Бабарыкі жыве ў Аўстраліі, магчыма яго таксама можна западозрыць у тым, што ён з’яўляецца нейкім там наймітам аўстралійскіх службаў. Таму мне здаецца, што такія меркаванні не вельмі карысныя па-першае. Па-другое, гэта ўсё ж такі яго бачанне, ён не першы год пра гэта кажа. Магчыма так, магчыма не. Калі мы, напрыклад, возьмем нейкія краіны ўсходняй Еўропы і паглядзім на палітычныя біяграфіі многіх дзеячаў, якія потым у 90-я прыйшлі да ўлады, то многія з іх былі стаўленікамі спецслужбаў.

РР: Гэта спрыяе справе дэмакратызацыі Беларусі і агульнай нашай справе пазбаўлення ад Лукашэнкі і яго рэжыму? Ці наадварот яго выказванні ўносяць разлад?

– Калі гэтыя выказванні даходзяць да масы, то магчыма нейкі разлад і ўносяць, але мне здаецца, што любыя палітычныя меркаванні, яны ў тым ліку даюць магчымасць па-іншаму глядзець на сітуацыю, пераасэнсоўваць нейкія тактычныя ці палітычныя дзеянні асобных палітыкаў. Тое, што Зянон кажа, ён казаў і дзесяць і дваццаць год таму. Палітыкі, якія сёння ёсць у Беларусі, у тым ліку новай хвалі палітыкаў так можна казаць, якія б дзеянні яны не рабілі, іх справа, у тым ліку справа 2020 года, яна змяніла краіну. Мне здаецца, што неяк трэба тыя памылкі, якія былі зроблены ў пачатку 90-х гадоў, калі прыйшоў Лукашэнка. Нельга дапусціць, каб у Беларусі адбылося з’яўленне Лукашэнкі-2 вось гэта будзе вялікая параза для краіны. Калі мы кажам пра палітычныя рэформы, то трэба каб гэтыя рэформы былі. Не проста там змена Лукашэнкі аднаго на другога, а важна, каб гэта былі сістэмныя палітычныя рэформы, у тым ліку ў розных грамадскіх медыйных ці эканамічных стасунках. Вось гэта першая аснова. Хто гэта будзе рабіць? Нават калі гэта будуць рабіць агенты ЦРУ, Масада ці ФСБ – окей. Мне здаецца, што галоўнае ў гэтай справе, каб гэта былі карысныя для Беларусі рэформы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя