Дзмітрый Балкунец: Пачаць размову з Лукашэнкам пра вызваленне палітвязняў патэнцыйна можа Захад



На гэтым тыдні група экспертаў працавала ў Берліне над тэмай вызвалення палітычных вязняў у Беларусі. Асноўныя ідэі былі агучаны 4-га снежня на Менскім форуме ў сталіцы Германіі, куды былі запрошаны і ўдзельнікі двухдзённага абмеркавання Каардынацыйнай Радай сітуацыі з палітзняволенымі.

Наша калега, Вольга Сямашка, пагутарыла з палітолагам Дзмітрыем Балкунцом пра тое, якім у Еўропе бачыцца канчатковае рашэнне праблемы вызвалення беларускіх палітвязняў; наколькі рэальна стварыць міжнародную групу для вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі; хто ў яе можа ўвайсці і чаму ў яе лепш не трапляць беларускай апазіцыі ў выгнанні:

РР: Ці сапраўды варта пачынаць перамовы з рэжымам Лукашэнкі, каб вызваліць палітвязняў? Як на гэта глядзіць Еўропа?

– З пачатку Менскага форуму была створана такая група, якая некалькі дзён працавала ў Берліне, каб знайсці розныя падыходы для вызвалення палітычных вязняў. Мы паспрабавалі пераасэнсаваць тое, што ёсць на сённяшні дзень. Прааналізавалі ўсе мажлівыя сітуацыі, якія зараз склаліся. Паспрабавалі паглядзець на матывацыю тых гульцоў, якія ў гэтым працэсе могуць удзельнічаць, таксама як і матывацыю Лукашэнкі, чаму ён гэтыя рэпрэсіі працягвае.

Таксама матывацыю еўрапейскіх краін, якія могуць гэта рабіць, чаму не робяць сёння. Паспрабавалі паглядзець на гэтую сітуацыю па-іншаму. Тры гады, але рэпрэсіі працягваюцца, палітзняволеных не становіцца менш. Я лічу, што сёння яны з’яўляюцца вялікай праблемай для беларускага грамадства. Людзі за кратамі і многія з іх там паміраюць.

Мы прапанавалі, каб усё ж такі еўрапейскія краіны, магчыма і Злучаныя Штаты, далучыліся да гэтай справы не з пазіцыі нейкіх дыпламатычных заяў, а з пазіцыі каб яны гэты працэс узначалілі. Мы палічылі, што трэба зрабіць групу міжнароднага ўзроўню. Дзеля таго, каб там з’явілася некалькі вядомых і аўтарытэтных замежных асоб, магчыма каб гэта былі былыя кіраўнікі краін, якія павінны сёння, на наш погляд, паглядзець сёння на гэтую справу і ўсё ж такі знайсці падыход для вызвалення палітычных вязняў.

Гэта не перамовы з Лукашэнкам, гэта могуць быць розныя метады ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі. Гэта можа быць палітыка санкцыйнага ціску, так і некаторыя іншыя падыходы. Але на наш пагляд Еўропа на сёння гэтага не рабіла і не робіць. Ёсць прыклады, калі нейкія медыятары там штосьці спрабавалі рабіць, але сістэмнага падыходу за тры гады я не бачыў. Магчыма ён быў, але ён не прынёс ніякага выніку.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З „Госцем Рацыі” – палітолагам Дзмітрыем Балкунцом, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя