Дзмітрый Балкунец пра форум дэмакратычных сіл
У Варшаве прайшоў двухдзённы форум дэмакратычных сіл Беларусі.
Агулам у форуме прынялі ўдзел 140 чалавек. Прыехалі актывісты з Беларусі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Літвы, Швецыі і, канешне, самой Польшчы.
Пра форум распавёў „Госць Рацыі” палітолаг Дзмітрый Балкунец.
РР: З Якой мэтай праводзіўся форум дэмакратычных сіл?
– Адна з галоўных мэтаў гэта канешне ацаніць абставіны, якія склаліся і адбываюцца ў Беларусі на працягу апошніх гадоў і спрабаваць знайсці адказы на пытанні, якія ўсіх непакояць. Сярод іх: палітычныя вязні, санкцыі ды іншыя тэмы, якія так ці інакш прысутнічаюць у беларускім грамадстве. Што нам рабіць далей. Мне здаецца, што ў гэтай сітуацыі важна, каб усе людзі, якія так ці інакш адносяць сябе да палітычных суб’ектаў ці займаюцца нейкім грамадзянскім актывізмам у плане дзейнасці НКА, яны маглі б разам дыскутаваць. Мне здаецца, што гэтага не хапае ў Беларусі, у беларускім грамадстве, гэта адна з нашых праблем. Ва ўсіх ёсць цікавыя ідэі, але яны часта не стыкуюцца ці не каардынуюцца. Мне здаецца, што важна было б спрабаваць каардынавацца нават не вакол асобы лідараў, а вакол нейкіх супольных прынцыпаў, агульных ідэй, каб разам спрабаваць знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, вось гэта напэўна адна з галоўных тэм.
РР: ЦІ не ператворыцца гэта ў чарговую гаварыльню?
– У мяне пакуль няма адказу як вызваліць палітычных вязняў. Канешне мы паспрабуем стварыць, такая ініцыятыва ўзнікне, ёсць нейкія рабочыя групы, якія спрабавалі займацца пытаннямі палітычных вязняў. Увогуле я разглядаю вязняў, як закладнікаў, таму трэба знаходзіць інструменты, як іх вызваліць. Ёсць некалькі метадаў, у тым ліку выкуп. Ёсць метад ліквідацыі тэрарыста, які іх захапіў, ці метад арышту тэрарыста. То бок нейкія іншыя інструменты, трэба зразумець, як мы можам ужываць якія метады. Ці санацыйны ціск на ўзроўні ўльтыматумаў, гэта таксама адзін з метадаў. Трэба думаць, што прадпрыняць.
РР: За ўчорашні дзень здаецца нічога не прыдумана?
– Чаму не прыдумана? Прыдумана. Мы ўчора да 12-ці гадзін тут дыскутавалі і абмяркоўвалі пытанні, што нам рабіць далей па фармату каардынацыі. Ёсць зацікаўленасць удзельнікаў працягнуць нават па-за межамі форуму працу ў нейкіх ініцыятывах, якія мы самі тут ужо прыдумалі. Адна галава добра, а некалькі лепш, а калі яны яшчэ каардынуюць свае дзеянні, у тым ліку на ўзроўні нейкіх міжнародных адносін, то гэта канешне дадае дадатковую палітычную вагу. Гэта напэўна адзін з важных складнікаў. Плюс яшчэ з нагоды палітычных вязняў, тут рабяты якія былі, яны паміж сабой каардынуюцца, я бачыў там яшчэ дадалося некалькі чалавек, хто не ўдзельнічаў, але так ці інакш займаецца палітычнымі вязнямі. Канешне гэта важна, калі больш людзей будзе прыцягнута, у тым ліку прыдумляць інструментарый. Для мяне было адкрыццём, напрыклад, якія крытэрыі палітычных вязняў. Яны прапаноўвалі па нейкіх артыкулах асобных глядзець. Гэта таксама важна, бо палітычныя вязні – гэта не толькі самі вязні, але іх сем’і, родныя, гэта вялікае кола. Калі мы лічым, што некалькі тысяч, то давайце памножым гэты каэфіцыент хаця б дзесяць, там бліжэйшае кола родных і гэтак далей. Гэта ўжо вялізная колькасць людзей, якая так ці інакш уцягнута ў гэтую праблему, якіх яна ў нейкай меры закранае.
З „Госцем Рацыі” Дзмітрыем Балкунцом размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя