Дзмітрый Казлоў: «Уладам было б выгадней аднавіць маю рэгістрацыю»



Вядомы аршанскі відэаблогер спрабаваў аспрэчыць рашэнне камісіі Аршанскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №25, якая пазбавіла яго статусу кандыдата ў дэпутаты Парламенту. Віцебская абласная выбарчая камісія ягоную скаргу не падтрымала і забараніла здымаць на відэа абвяшчэнне гэтага рашэння. На знак пратэсту Дзмітрый Казлоў пакінуў залу пасяджэнняў.

Ён мяркуе, што з боку абласной камісіі было б больш лагічна вярнуць яму права ўдзельнічаць у выбарах:

– Таму што яны выглядалі б як сапраўдныя дэмакраты: маўляў, памылілася акруговая камісія, а яны вось больш кампетэнтна вынеслі сваё рашэнне… Але ніякага такога цуду не адбылося, усё засталося ў сіле. А мне застаецца толькі звяртацца ў суд і абскарджваць там.

Дзмітрыя Казлова знялі з выбараў за плакаты, якія ён выкарыстоўваў на агітацыйных пікетах. Плакат «Фальшывым выбарам – баста!» акруговая, а потым і абласная выбарчыя камісіі расцанілі ак заклік да байкоту парламенцкіх выбараў.

Чалец віцебскай абласной выбарчай камісіі, праваабаронца Павел Левінаў лічыць гэтае меркаванне абсурдным:

– Не маглі разабрацца, што азначае слова «баста». Яно абазначае «не», «канец», і гэтак далей. І калі кандыдата ў дэпутаты за тое, што ён кажа «Фальшывым выбарам-не!» пазбаўляюць рэгістрацыі, то атрымліваецца, што камісія кажа «Фальшывым выбарам –так».

Віцебская абласная выбарчая камісія не пагадзілася і адмяніць папярэджанне, вынесенае наваполацкай кандыдатцы ад Партыі БНФ, актывістцы руху!За Свабоду» Вользе Дамаскінай. Камісія 24-й выбарчай акругі палічыла, што плакаты ў падтрымку палітвязняў і надпіс «Далоў дыктатуру страху!» не нясуць агітацыйнага зместу. Абласная камісія пацвердзіла гэтую выснову, хаця ў Выбарчым кодэксе аніяк не агаворваецца змест плакатаў, якія можна або нельга выкарыстоўваць падчас агітацыйнай кампаніі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя