Дзмітрый Кудранок: На сход сцягваюць суперлаяльных і правераных асобаў
“На так званы Усебеларускі народны сход улады сцягваюць не проста лаяльных, а суперлаяльных і правераных асобаў”, – адзначае грамадскі актывіст з Пінска, сябра партыі левых “Справядлівы свет” Дзмітрый Кудранок.
На ягоную думку, гэта рэакцыя на тое, што пратэст супраць існуючага палітычнага рэжыму ахапіў большасць розных пластоў насельніцтва:
– Людзі незадаволеныя сваім жыццём. Сыходзячы з гэтай фармулёўкі, гэта даволі шырокія слаі – і пенсіянеры, і людзі сярэдняга ўзросту, якія вымушаныя лічыць у краме капейкі і купляць не тое, што ім патрэбна, а тое, на што ім хапае грошай. Гэта і моладзь, і людзі, якія імкнуцца да здаровага ладу жыцця. Самы шырокі спектр. Гэта пратэстна настроеныя людзі, якіх пераважная большасць.
Актывіст упэўнены, што ўлады разлічваюць на павелічэнне сваёй легітымнасці па выніках Сходу, але ў рэальнасці рэакцыя будзе адваротнай.
Беларускае Радыё Рацыя