Дзмітрый Лаеўскі выключаны са складу Мінскай гарадской калегіі адвакатаў
Пра гэта абаронца паведаміў у сваім тэлеграм-канале. „За просьбу аб апраўданні людзей”, — дадаў Лаеўскі, які абараняе палітвязняў Віктара Бабарыку і Максіма Знака.
2 ліпеня савет МГКА распачаў у дачыненні да юрыста дысцыплінарную вытворчасць. „У судовых спрэчках у абарону Віктара Бабарыкі я абгрунтаваў адсутнасць прыкмет злачынства („атрыманне хабару”) у дзеяннях іншых абвінавачваных, выказаў нязгоду з іх пазіцыяй і заявіў аб неабходнасці іх апраўдання. Пра гэта ж гаварыў у сваіх паказаннях мой падабаронны, чыю пазіцыю я як абаронца падтрымліваў і адстойваў. Рабіў гэта добрасумленна і прынцыпова. Аспрэчваць пазіцыю іншых удзельнікаў працэсу, асабліва калі яна выкарыстоўваецца для абвінавачання майго падабароннага, ні закон, ні правілы прафэтыкі не забараняюць. Ставіць пытанне аб апраўданні тых, чыя згода з абвінавачаннем выкарыстоўваецца для пераследу майго падабароннага, ні закон, ні правілы прафэтыкі не забараняюць”, —напісаў тады Лаеўскі ў сацсетках. 8 красавіка калегія абвясціла Лаеўскаму вымову за пост у „Фэйсбуку”, у якім абаронца выказаў нязгоду з праектам зменаў у заканадаўства аб адвакатуры. 24 мая дысцыплінарная камісія Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў не задаволіла скаргу Лаеўскага на рашэнне гарадской калегіі. Маці адваката Алена Лаеўская, якая 22 гады прапрацавала ў Белдзяржуніверсітэце, вымушана была пакінуць ВНУ з-за непрацягу кантракта. 27 мая суд Маскоўскага раёна Мінска не задаволіў іск Лаеўскай да БДУ.
Беларускае Радыё Рацыя