Дзмітрый Мезенцаў вызвалены ад пасады пасла Расеі ў Беларусі
Дзмітрый Мезенцаў вызвалены ад пасады пасла Расеі ў Беларусі, паведаміла прэс-служба Крамля, апублікаваўшы копію адпаведнага ўказа прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
Мезенцаў узначаліў дыпмісію Расеі ў Менску 30 красавіка 2019 года, змяніўшы Міхаіла Бабіча, з якім у афіцыйнага Менска адносіны не склаліся.
10 сакавіка камітэт Дзяржаўнай думы Расеі па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі падтрымаў кандыдатуру Яўгена Лук’янава на пасаду пасла РФ у Беларусі. 69-гадовы Лук’янаў з’яўляецца паслом Расеі ў Латвіі.
61-гадовы Мезенцаў неаднаразова публічна падтрымліваў дзеянні ўладаў Беларусі падчас палітычнага крызісу ў краіне. Ён адмовіўся сустракацца з прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады, матываваўшы гэта тым, што „расейскае пасольства гатова размаўляць з тымі грамадскімі сіламі, якія не вядуць працу па падрыве дзяржаўных асноў Рэспублікі Беларусь”.
Беларускае Радыё Рацыя
