Дзмітрый Мірончык: „Дасягнуты пэўны прагрэс”
Падчас другога раўнда кансультацый па пытаннях заключэння пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, якія прайшлі ў Бруселі 24-25 лістапада, „дасягнуты пэўны прагрэс”, паведаміў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык 27 лістапада на брыфінгу ў Менску.
„Зараз ідуць кансультацыі экспертаў. Гэта тэхнічны этап, практычна непублічны. У Бруселі мы прайшліся па пунктах і разгледзелі сустрэчныя прапановы бакоў, дасягнулі пэўнага прагрэсу”, – сказаў ён.
На брыфінгу 20 лістапада Мірончык паведаміў, што падчас кансультацый у Бруселі беларуская дэлегацыя спадзяецца атрымаць рэакцыю на шэраг сваіх прапаноў, скіраваных на спрашчэнне парадку афармлення віз, павелічэнне тэрміну іх дзеяння і спрашчэнне ўзаемных паездак грамадзян. Першы раўнд кансультацый прайшоў у Менску 12-13 чэрвеня гэтага года.
Трэці раўнд кансультацый таксама пройдзе ў Менску ў пачатку 2015 года.